Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ложа1 ’пасцель, ложак’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Мікуц., Ян.; арш., Шн.; мядз. Жд. 2; КЭС, лаг., паст., Сл. ПЗБ), ’рэчышча’ (ТСБМ). Укр. ложе, рус. ложе, польск. łoże, ст.-н.-луж. łože, в.-луж. łožo, чэш., славац. lože, ст.-чэш. lože, lóže, lůže; славен. lǫ́že, серб.-харв. ло̀же, балг. ложе, ст.-слав. ложе. Прасл. lože < log‑je ’месца, дзе нехта ці нешта ляжыць, ложак’ (Слаўскі, 5, 245). Да ležati > ляжа́ць (гл.) — апафанія, як vozъvezti (Слаўскі, SP, 1, 81). Паводле Мее (Études, 392), адносіцца да ‑o‑асноў (*logo), параўн. ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-ісл. lag ’месцазнаходжанне’, швед. läge ’месца, сядзіба’, ст.-ірл. lige, ст.-грэч. λέχος ’ложак’ (Фасмер, 2, 511).

Ложа2 ’драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол’ (ТСБМ, Бес., Касп.; паўн.-усх., КЭС), ложа ’тс’ (Сіг.). Запазычана з польск. łoże ’абклад, аснова, на якой што-небудзь абапіраецца, умацавана; аснова машыны, ствала стрэльбы’ (Слаўскі, 5, 214). Этымалагічна ўзыходзіць да ложа1.

Ложак ’мэбля — месца для спання, пасцель’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Сцяшк., Яруш.; КЭС, лаг.), ложык (Бяльк.), лу͡ожэк (паўд.-мін., паўд.-усх., КЭС), ло́жок (ТС). Відавочна, паланізм — параўн. польск. łóżko < паўн.-слав. ložьko (памяншальнае ад lože > ложа1), якое пасля запазычання па-беларуску было б ложка, што вельмі блізка да лексемы ложка ’лыжка’, пашыранай на значнай тэрыторыі (гл., напрыклад, Сл. ПЗБ). Таму лексема пры запазычанні змяніла род і адпаведна суфікс па аналогіі да назваў прадмета паводле яго прызначэння, напрыклад прыпечак, абутак.

Ложка1 ’ложак’ (Сцяшк., Яруш.; нясв., Жд. 2; Сл. ПЗБ), луожко (Бес.), ло́жко, лы́жко (Сцяшк., Сл. ПЗБ; мін., КЭС). З польск. łóżko. Да ложа1 (гл.).

Ложка2 ’лыжка’ (Бяльк., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ; палес., З нар. сл.), слаўг. ’лыжка для збору рою’ (Нар. сл.). Укр. ло́жка, рус. ло́жка, ст.-рус. лъжъка. Да лы́жка (гл.). Сюды ж ложашнік ’прыстасаванне для захоўвання лыжак’ (ветк., Мат. Гом.); лексемы ложка, ло́жэчка, ло́жачка, ло́жычка ’снавалка’ (Уладз., Бяльк.; ветк., Мат. Гом.; в.-дзв., Шатал.), якая названа так паводле падабенства формы.

Ложнік ’несправядлівы чалавек, падманшчык’ (стаўб., Жд. 2). Утворана ў выніку намінацыі з ложны (параўн. ст.-рус. ложьный, лъжъный, прасл. ložьnъjь і суф. ‑ік. Не выключана і адсубстантыўнае паходжанне з суф. ‑нік. Да *ложь > ілжа́ (гл.).

Ложны ’пахілы’ (віл., глыб., Сл. ПЗБ). Утворана ад асновы log‑ (> ložь‑nъ), як падоўжны. Варыянт ложмы ’пакаты, спадзісты’ (Сцяшк.; КЭС, лаг.) узнік пад уплывам семантычна блізкага стромы або ў выніку ад’ідэацыі прыслоўя ложма (Сл. ПЗБ), лёгма (гл.).

Ложня ’спальня’ (паўн.-усх., КЭС), рус. алан., арханг. ложня ’тс’. Да ложа1 (гл.).