Ложа 1 ’пасцель, ложак’ (ТСБМ, Бяльк., Мал., Мікуц., Ян.; арш., Шн.; мядз. Жд. 2; КЭС, лаг., паст., Сл. ПЗБ), ’рэчышча’ (ТСБМ). Укр. ложе, рус. ложе, польск. łoże, ст.-н.-луж. łože, в.-луж. łožo, чэш., славац. lože, ст.-чэш. lože, lóže, lůže; славен. lǫ́že, серб.-харв. ло̀же, балг. ложе, ст.-слав. ложе. Прасл. lože < log‑je ’месца, дзе нехта ці нешта ляжыць, ложак’ (Слаўскі, 5, 245). Да ležati > ляжа́ць (гл.) — апафанія, як vozъ ∼ vezti (Слаўскі, SP, 1, 81). Паводле Мее (Études, 392), адносіцца да ‑o‑асноў (*logo), параўн. ст.-грэч. λόχος ’засада’, ст.-ісл. lag ’месцазнаходжанне’, швед. läge ’месца, сядзіба’, ст.-ірл. lige, ст.-грэч. λέχος ’ложак’ (Фасмер, 2, 511).
Ложа 2 ’драўляная частка ружжа ці аўтамата, да якой прымацаваны ствол’ (ТСБМ, Бес., Касп.; паўн.-усх., КЭС), ложа ’тс’ (Сіг.). Запазычана з польск. łoże ’абклад, аснова, на якой што-небудзь абапіраецца, умацавана; аснова машыны, ствала стрэльбы’ (Слаўскі, 5, 214). Этымалагічна ўзыходзіць да ложа 1.