Ла́ска ’любоў, пяшчота, лагоднасць’, ’ласкавасць, добрая воля, паслуга, спачувальныя, прыхільныя адносіны’, ’літасць, міласць, паблажка, спагада’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.) і іншыя значэнні гэтай лексемы ў фразеалагізмах (гл. ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. яшчэ ласка — тое ж, што і кграция (XVI ст.). Укр. ласка, рус. ласка, польск. łaska, чэш., славац. láska, славен. láska (паводле БЕР, 3, 316), балг. ласка, ц.-слав. ласка, серб.-харв. ла̏ска, макед. ласка ’ліслівасць’. Прасл. laska ’пяшчота, любоў, лашчанне, міласэрнасць, велікадушнасць, прыхільнасць, спагада, дружба’ (Слаўскі, 5, 20), якому адпавядаюць літ. lokšnùs (*lāsk‑nus) ’уражлівы, адчувальны, пяшчотны, мілы’ (Буга, Rinkt., 1, 451), лац. lascīvus ’гарэза, распуста, юрлівы’, ст.-інд. laṣati ’жадае’, lásati ’ззяе, блішчыць’, lālasas ’прагны’, ст.-ірл. lainn (< *las‑ni‑s) ’тс’, ст.-грэч. (Гесіхій) λάστη ’распусніца’, гоц. lustus, ст.-в.-ням. lust, ням. Lust ’радасць, задавальненне, жаданне, імкненне, юрлівасць’. Да і.-е. *lās‑/*las‑/*l̥s. Агляд версій гл. Фасмер, 2, 461; Слаўскі, 5, 19–21; БЭР, 3, 316–317. Няма падстаў бачыць тут запазычанне з польск. łaska (Пальцаў, Лекс. і грам., 38).