Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ве́тразь (паэт.) ’парус’ (КТС, У. Дубоўка; БРС). Новаўтварэнне ад ве́цер (гл.) і непрадуктыўнага суфікса ‑азь. Сюды ж прым. ветразевы (КТС).

Ветраковы (прым.). Гл. вятра́к.

Ветралом ’дрэвы, паваленыя ветрам; буралом’. Сюды ж ветраломная лінія (КТС). Укр. вітроло́м ’дрэва, зламанае ветрам’; ’моцны вецер’, рус. калуж., пск., перм. ветролом ’буралом’, польск. wiatrołom ’дрэва, паваленае або зламанае ветрам’; ’участак лесу-буралому’, чэш. větrolam, славац. vetrolam ’лясная паласа для аховы палёў ад ветру’; серб.-харв. в(ј)етро̀лом ’ламанне дрэў па прычыне моцнага ветру’; ’укрыццё, сховішча ад ветру’, балг. ветролом ’лес, паламаны моцным ветрам’. Магчыма, прасл. větro‑lamъ. Да вецер і ламаць (гл.). Семантычныя паралелі: літ. vė́tralauža, vė́jalaužos, ням. Windbruch, іт. frangivento.

Ветралюб (паэт.) ’дуб’ (КТС). Новаўтварэнне ад вецер і любіць (гл.).

Ветраме́р ’прылада для вызначэння сілы ветру’ (КТС, БРС). Кніжнае слова, запазычанае, відавочна, з рус. ветромер.

Ветрана (безасаб.) ’ветранае надвор’е’ (КТС, БРС, Шат.), укр. ві́тряно, рус. ве́трено, польск. wietrzno, чэш. větrno, славен. vėtréno (je), балг. ветрено ’тс’. Да вецер, ветраны (гл.).

Ветранік 1 ’вятрак’ (жлоб., калінк., Мат. Гом.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне, якое ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны млын; параўн. таксама ветраніца 3. Аналагічна ў славен. мове vẹ̑trnik ’вятрак’, у н.-луж. wětšnik, в.-луж. wětrnik ’тс’.

Ветранік 2, ве́трінік, ве́трыньнік ’легкадумны чалавек, ветрана’ (Бяльк.), рус. ве́треник ’ветрагон’, польск. wietrznik, макед. ветреник, балг. ветреник ’легкадумны чалавек’. Лексема ўзнікла ў выніку намінацыі ветраны чалавек або субстантывацыі прыметніка ветраны пры дапамозе суфікса Nomina agentis ‑нік.

*Ветранікі 1 брэсц., малар. ві́траныкы ’апоўзіны на стозе, козлы на страсе’ (Нар. сл.), стол. вэ́треники ’звязаныя палкі, якія кладуцца на канёк страхі’ (Шушк.). Укр. наві́треник, рус. урал., зах.-сіб. ве́треники ’апоўзіны на стозе або на капе’, вялікапольск. wietrznik ’тс’. Палескія лексемы запазычаны, відаць, з польскай мовы.

Ветранікі 2, ві́траныкы, вітряныкы, вэ́трэныкы ’дзве дошкі, якія прыбіваюцца да лат з боку франтона і, скрыжоўваючыся ўверсе, утвараюць вільчак’ (палес., Нар. сл., Шатал.), рус. йонаўск. ветреник ’тс’. Запазычана з польск. мовы; параўн. каш. zawietrznik ’тс’. Гл. таксама ветранікі 1. Славен. vétrnik ’ахова ад ветру’ (напр., дзверы ў сенцах); слуп (саха) у драўлянай канструкцыі страхі’ маюць іншую семантычную матывацыю.

Ве́траніца 1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца 2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца 3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік 1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца 4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца 5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца 6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Ве́траніцы, ві́траныці ’дзве дошкі, якія прыбіваюцца да лат з боку франтона і, скрыжоўваючыся, утвараюць вільчак’ (палес., Нар. сл., Шатал.), рус. валаг., уладз. ве́треница ’тс’, паўн.- і с.-рус., урал. ве́треница, ве́треницы ’козлы на страсе, апоўзіны на капе, стозе’, польск. каш. zawietrznica ’дзве дошкі на франтоне’, славен. vétrnice ’саламяная пляцёнка, якая закрывае ў вільчыку адтуліны паміж схіламі страхі’. Да ве́цер (гл.). Гл. таксама ветранікі 2.