Ве́траніца1 ’пралеска, кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (ветк., Мат. Гом.), ветраніца белая ’расліна’ (КТС). Рус. тамб. ветраница ’анемона’, зах.-сіб. ’сон-трава, Pulsatilla patens’, польск. wietrznica ’анемона’, серб.-харв. вѐтреница, вјѐтреница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’кураслеп’; ’дарыкній травяністы’, ст.-рус. ветряница ’назва лекавай травы’ (з XVIII ст.). Да ве́цер (гл.). Расліна названа так таму, што яна любіць адкрытыя, даступныя ветру месцы, паляны, лугі. Назвы, звязаныя з лексемай вецер, у славянскіх народаў атрымалі шматлікія расліны, напр.: бел. вятроўнік ’Filipendula Mill.’, укр. вітреник ’яснотка, шанта’; ’медуніца, шчамяліца’; ’спірэя’; ’пылюшнік’, славен. vétrnik ’васілёк’, рус. ветреница (гл. вышэй) і ’перакаці-поле’, ве́треная трава́ ’белая канюшына’; ’гарлянка’, ве́треник ’лясны кураслеп’ і інш., магчыма, таму, што некаторыя з іх ужываюцца для лячэння прастудных захворванняў, а таксама хвароб ад ветру.

Ветраніца2 ’пустазвонка’ (КТС), укр. ві́тренница ’няверная, нясталая, легкадумная жанчына’, паўн.-рус. ветреница ’нясталы, няверны, марнатраўны (аб чалавеку)’, польск. уст. wietrznica ’легкадумная жанчына, ветраго́нка’ ад ве́транік ’ветрагон’ і суф. ‑іц‑а.

Ветраніца3 ветраны млын’ (Касп.), рус. пенз., горк. ве́треница, балг. паўн.-усх. вятърница, макед. ветерница ’тс’, славен. vẹ̑trnica ’крыло ветранога млына’. Узнікла ў выніку намінацыі выразу ветраная мельніца (пры дапамозе суфікса ‑іц‑а). Гл. таксама ветранік1 (суфікс ‑ік).

Ветраніца4 ’ветранае надвор’е’ (КТС). Утворана ад прыметнікавай асновы ветран‑ (гл. ветраны) і суф. ‑іц‑а (які называе з’яву па яе прыкметах) паводле ўзору галалёдзіца.

Ве́траніца5 ’ветраная воспа’ (лоеў., браг., Мат. Гом.). Укр. вітренниця ’гарачка’; ’шаленства’, рус. ветреница, уладз., арханг. ’ветраная воспа’, наўг. ’хранічныя наскурныя высыпкі’, польск. wietrznice ’кароста ветраной воспы’, славен. vẹ̑trnice ’ветраная воспа’. Прасл. větrьnica, якая ўтварылася шляхам субстантывацыі прыметніка větrьnъ. Да вецер (гл.).

Ве́траніца6 ’дзве дошкі ў франтоне’ (палес., Мат. Гом.), віц. ’падшыўная дошка ля краю страхі’ (Касп.). Гл. ве́траніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)