Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Барахма́цца ’дужацца’. Гл. баро́хтацца.

Барахо́лка. Запазычанне з рус. барахо́лка (дзе з’яўляецца вытворным ад барахло́, гл.).

Барацьба́ (БРС, Касп.), укр. боротьба́. Крамко (Гіст. мовы, II, 141) лічыць, што прынамсі бел. слова з’яўляецца няпоўнай калькай (у дакастрычніцкі перыяд развіцця бел. літаратурнай мовы) з рус. (борьба́), якая ад рускага слова адрозніваецца словаўтваральным элементам. Вывад вельмі няпэўны. Хутчэй барацьба́, боротьба́бел.-укр. утварэнне (з новым суфіксам ‑тьба, які ўзнік на базе дэкампазіцыі такіх слоў, як малацьба́). Бел. барадзьба́ ’баранаванне’ (Касп.) < барацьба (кантамінацыя з словам бараньба ’баранаванне’). Да ўтварэнняў тыпу бел. барацьбі́т гл. Кіш, SSlav., 2, 365–371.

Ба́рбар ’варвар’, ба́рбарскі ’варварскі’. Укр. (ст.) барбарскый. Запазычанне (мабыць, праз польск. barbar ’варвар’; да польск. слова гл. Брукнер, 15) з лац. barbarus (< грэч. βάρβαρος), якое распаўсюджана і ў зах.-еўрап. мовах (ням. Barbar і г. д.). Да гісторыі слова гл. Клюге, 51 і асабліва падрабязна MESz, 1, 247–248. Таксама з польск. мовы ўзята барбары́нства ’варварства’, барбары́нскі (Нас.). Гл. Кюнэ, Poln., 43.

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра2.

Барба́ра2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Барбары́с ’расліна Berberis L.’ (Кіс.). Рус. барбари́с (ст. берберис), укр. байбари́с (дысіміляцыя р — р > й — р), барбари́с. Запазычанне з новалац. berberis (а гэта, магчыма, з араб. barbāris < ambar bāris < amīr bāris ’Berberis vulgaris’; Локач, 20). Фасмер, 1, 125; Праабражэнскі, 1, 16–17; Шанскі, 1, Б, 42.

Барбо́с (БРС). Рус. барбо́с, укр. барбо́с. Не вельмі яснае слова. Праўдападобнай з’яўляецца думка, што яно было занесена ў Расію праз прыгодніцкія раманы (у якіх, у прыватнасці, выступае ісп. разбойнік Barbosa, літаральна ’барадаты’: Борбос, Барбосс, Барбос; Фран Барбоса, разбойник гишпанский > ’злосны чалавек’ > ’злосны сабака’). Аб такой магчымасці сведчыць і іншая назва сабакі — рус. Полка́н (< італ. Pulicane, пачвара ў прыгодніцкім рамане «Buovo d’ Antona»). Кіпарскі, ZfslPh, 27, 32–34; Штрыдтэр, ZfslPh, 28, 72–75; Унбегаун, ZfslPh, 28, 58–72. Іншая версія: запазычанне з цюрк. моў. Раней аб гэтай магчымасці Кузеля-Чайкоўскі, Словар, 37 (< тат.); цяпер падрабязна Райзензон (пісьм.). Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 42, які бачыць тут утварэнне ад дзеяслова тыпу ўкр. барабо́сити ’балбатаць і да т. п.’

Барбуха ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Мабыць, да той самай асновы babr‑, bobr‑ (> барб‑), што і ў слове бобер ’божая кароўка’ (гл.; там і меркаванні аб паходжанні асновы).

Ба́рва1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.

Ба́рва2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).

Барве́нак, барвінок, барвінец, барві́нок ’кветка Vinca minor L.’ (Кіс., Сцяц., Бесар., Булг., Бейл.). Рус. барви́нок, барвено́к, укр. барві́нок, берві́нок і г. д. З польск. barwinek < чэш. barvínek < ням. Bärwinkel, Beerwinck < лац. pervinca ’тс’. Бел. барві́нец, укр. барві́нець — асацыяцыя да вяне́ц, віне́ць; барвінок і да т. п. — асацыяцыя да вяно́к. Бернекер, 44; Корбут, PF, 4, 428; Фасмер, 125; Брукнер, 17; Махэк₁, 26.