Абало́нка 1, параўн. укр. болона ’тонкая плеўка’, польск. błona, чэш. blona, славац. blana ’тс’, якія, магчыма, генетычна суадносяцца з лац. follis ’пузыр’, folliculus ’плеўка’ < і.-е. *bholnis (гл. Покарны, 120), хаця лінгвагеаграфія гэтых слоў супярэчыць непасрэднаму супастаўленню з лацінскімі формамі. Яшчэ менш верагодна з фармальнага і семантычнага боку супастаўленне са ст.-грэч. φόλίς ’луска паўзуноў’ (гл. Фасмер, 1, 189). Цікавая здагадка аб генетычнай суаднесенасці з прасл. *pelna, *pelena (рус. пелена і інш. славянскія паралелі) (гл. Махэк₂, 55 і 458). Пры бездакорнасці семантычнага боку даводзіцца ў гэтым выпадку дапусціць змяшэнне p/b. Лінгвагеаграфія, магчыма, сведчыць у карысць такога збліжэння. Мяркуемыя прасл. bolna і pelna знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (bolna — захад і цэнтр, pelna — усход і поўдзень). Гл. Мартынаў, SlW, 62–63. Параўн. абалонь.
Абало́нка 2 ’шыба ў акне’ (Шат., Касп., Сцяшк., Янк. I, Маш.), оболонечка ’фортачка’ (Булг., Доўн.-Зап.), ст.-бел. оболонкі ’плеўкі жывёл, якія ўжываліся як шыбы ў вокнах’ з 1494 г. (Нас. гіст., 249), польск. błona, чэш. blána, славац. blana ’тс’. Гл. абалонка 1.
Абало́нь ’лугавое ўзбярэжжа ракі, якое заліваецца ў разводдзе’ (Янк. I), абалонне ’тс’ (Касп., КТС), абалона ’тс’ (КТС). У тых жа значэннях рус. болонь, укр. болоння, чэш. blána, польск. błonie, błoń. Параўн. бель ’балота’ (светлы вір?). Фартунатаў (AfslPh, 4, 579) звязвае з іншасуфіксальнымі рус. болото, літ. báltas ’белы’ і г. д. Больш пераканаўчым было б супастаўленне прасл. *bolnь з яго фанетычным дублетам *polnь (< прасл. pole), гл. палон. (Талстой, Геогр., 74–79). Варыянты *bolnь і *polnь знаходзяцца арэальна ў дадатковым размеркаванні (*bolnь — на большасці паўночнаславянскай тэрыторыі, *polnь — паўднёваславянскай, што сведчыць у карысць архаічнасці *polnь). Параўн. абалонка 1, а таксама ад (гл.). Параўн. балона 2.
Абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы, як авечку’ (Янк. Мат., Цыхун, вусн. паведамл.). Ці не з літ. bámbaras ’густая воўна, нягоднік’? Дзеяслоў, магчыма, утварыўся ўжо на беларускай глебе ад назоўніка літоўскага паходжання, сляды якога не захаваліся. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 19. Іншая версія: ад *абалберыць да польск. balwierz ’цырульнік’ (Трубачоў, пісьмова).
Абамрава́ць ’аслабець’ (Касп.) да абмерці.
Абанеме́нт (БРС) запазычанне праз рускую мову ў XX ст., Крукоўскі, Уплыў, 78. У рускай мове з франц. abonnement у першай палавіне XIX ст., Шанскі, 1, А, 15. Беларускія слоўнікі 20‑х гадоў XX ст. фіксуюць разам з канкурэнтным перадплата. Гл. Гіст. мовы, 2, 205.
Абані́ты ’пешчаны, балаваны’ (Касп.), параўн. рус. пск. абанитый ’неслух, свавольны, балаваны, хітры’. Мабыць, абаніты < *абабніты. Параўн. рус. бабнить ’спавіваць’ і рус. арх. банить ’тс’ (абое да баба). Гл. Мартынаў, SlW, 64, і бабіць.
Аба́пал ’з двух бакоў’, ст.-бел. обаполъ (Нас. гіст.), обополный ’узаемны, сумесны’ з 1553 (Булыка, Запазыч.), ст.-рус. обаполъ, ст.-польск. obopol, чэш. obopol, серб.-харв. obapol (XVI ст.) да прасл. *oba poly (Карскі 2-3, 74, 89). Гл. абое і пала.
Абапну́цца ’акрыцца’ (Шат., Янк. I, Арх. ГУ), ’акрыцца (хусткай), завязаць (фартух)’, абапнуць ’акрыць што-небудзь, чым-небудзь, накінуць што-небудзь на што-небудзь’ (Янк. I), абапінаха ’вялікая хустка’ (ДАБМ) да прасл. *pęti, рьно ’напяць, напінаць’. Бел. абапнуць, магчыма, узнікла пад уплывам літ. apipìnti, apipinù ў тым жа значэнні (літ. pìnti генетычна тоеснае прасл. pęti). Параўн. абпянуцца (Янк.) (гл.).
Аба́рак ’валік у плузе або возе’ (КСТ) < ст.-польск. bark ’тс’ (да польск. barki ’плечы’). Параўн. абарак або каромысʼол ’прыстасаванне для прыпрагання каня’ (КТС). Гл. Мартынаў, SlW, 68, і барак.
Абара́нак (БРС, КТС), польск. obarzanek, obwarzanek (да польск. obwarzony). Рус. баранка < бел. (а)баранак (цвёрдае р, параўн. польск. obarzanek) (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 124).