Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гара́нтыя (БРС). Рус. гара́нтия (з Пятроўскай эпохі), укр. гара́нтія. Як і гарантаваць (гл.), запазычанне з франц. (garantie) або ням. (Garantie < франц.) мовы. Гл. Слаўскі, 1, 383; Фасмер, 1, 392; Шанскі, 1, Г, 27–28 (там і меркаванні аб магчымым польскім пасрэдніцтве); Рудніцкі, 802.

Гара́ны ’невялікія горкі, узгоркі’ (Яшкін). Няясна. Магчыма, адносіцца да гара (гл.), але суфіксацыя ‑ан‑ не вельмі зразумелая (параўн. яшчэ ў рус. мове не вельмі яснае города́н ’агарод?’; гл. СРНГ, 7, 57; з бел. мовы Сцяцко (БЛ, 1978, 12, 46) прыводзіць буда́н як утварэнне ад буда).

Гарапа́шны ’гаротны’ (БРС), гарапа́шнік ’гаротнік’ (БРС). Параўн. рус. дыял. горепа́шница ’бедная, няшчасная жанчына’, горепа́шник ’гаротнік’ (СРНГ, 7, 35), укр. горопа́ха ’гаротнік, бядняга’, горопа́шний ’гаротны’. Да *gorʼe ’гора’ і *pachati ’араць’. Параўн. яшчэ ў Даля рус. пашни́к ’той, хто ў бядзе, бядняга’. Рудніцкі (689) укр. горопа́ха адносіць да *gora ’гара’. Семантычна амаль аднолькавае з бел. гарапа́шнік, рус. горепа́шник, укр. горопа́ха (< *горепа́ха) іншае слова для гэтага паняцця: рус. горемы́ка (аб ім гл. Шанскі, 1, Г, 132).

Гарата́й ’араты’ (Сцяшк. МГ). Паводле Мартынава (Лекс. балтызмы, 24–25), гэта форма ўтварылася з *ратай пад уплывам слова гара́ць (< орать). Параўн. яшчэ меркаванні Супруна, ЭСБМ, 1, 144 (пад ара́ты).

Га́рац ’гарнец’ (Жд. 1). У аснове ляжыць запазычаная з польск. мовы (параўн. і выбухное ґ) лексема га́рнец ’тс’ (гл.), якая ва ўскосных склонах мае формы р скл. га́рца, мн. л. га́рцы, якія ўтварыліся ў выніку спрашчэння групы зычных (га́рнца > га́рца; га́рнцы > га́рцы). Ад гэтай новай асновы ўтварылася форма наз. скл. га́рац. Гл. га́рнец, га́рчык. Параўн. і ўкр. га́рець ’тс’.

Гара́чка ’гарачка’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’тыф’ (Шат., Касп.). Рус. горя́чка, укр. гаря́чка, горя́чка, польск. gorączka чэш. horečka і г. д. (гл. Слаўскі, 1, 319). У аснове ляжыць стары слав. дзеепрыметнік *gorǫt‑, *goręt‑ (гл. гара́чы), ад якога суфіксам ‑ka быў утвораны адпаведны назоўнік (Слаўскі, там жа; там і аб праблематыцы, звязанай з польск. суфіксам ‑cz‑). Вельмі няпэўна Шанскі, 1, Г, 145, які гэту групу слоў лічыць звязанай з дзеясловам тыпу рус. горячи́ть (?!).

Гара́чы. Рус. горя́чий, укр. гаря́чий, горя́чий, польск. gorący чэш. horoucí, серб.-харв. (старое) го̀рӯћ, ст.-слав. горѧ (gen. sg. горѧшта, горѫшта). Прасл. *gorǫt‑ (секундарнае *goręt‑) — дзеепрыметнік да *gorěti ’гарэць’. У некаторых слав. мовах ён зрабіўся прыметнікам. Гл. Слаўскі, 1, 319; Шанскі, 1, Г, 145. Параўн. гара́чка.

Гарба́р ’гарбар’ (БРС, Сцяшк. МГ), ’шавец’ (Бяльк.). У ст.-бел. помніках гэта слова засведчана з XVII ст. у формах кгарбаръ, гарбаръ (Булыка, Запазыч., 147). Укр. гарба́р. Бел. і ўкр. словы запазычаны з польск. garbarz (Булыка, там жа; Слаўскі, 1, 256), якое ўзята з с.-в.-ням. gerwer (Слаўскі, там жа), утворанага ад дзеяслова gerwen, ganpen, gerben ’вырабляць кожу’. Сюды ж і гарба́рня (БРС).

Гарба́та ’чай’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. дыял. зах. герба́та, гарба́та ’тс’. Запазычанне з польск. herbata (дыял. harbata) ’чай’. У першай частцы гэтага слова лац. назва расліны наогул (herba), у другой бачаць паўд.-кіт. назву чаю . Як думаюць некаторыя даследчыкі (агляд гл. у Слаўскага, 1, 416), у польск. мову назва трапіла праз гал. herba thee (адсюль і іт. erba tè). Гл. Слаўскі, там жа; Брукнер, 171. Паводле іншай версіі (Слаўскі, там жа), у другой частцы слова трэба бачыць лацінізаваную форму назвы чаю ‑thea (такая форма засведчана даўно).

Гарба́ты ’гарбаты’. Рус. горба́тый, укр. горба́тий, польск. garbaty, чэш. hrbatý, балг. гърба́т, серб.-харв. грба̀т і г. д. Прасл. *gъrbatъ (*gъrbatъjь) ’гарбаты’. Прасл. утварэнне суфіксам ‑аtъ ад *gъrbъ ’горб’. Падрабязны агляд слав. форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 198–199. Прасл. характар мае і бел. дыял. гарба́ч ’гарбаты’ (Бяльк.: гырба́ч); параўн. рус. дыял. горба́ч, укр. дыял. горба́ч (два гэтыя словы з некалькі іншай семантыкай), чэш. hrbáč, славен. grbač і г. д. (прасл. *gъrbačь; гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 198: пад *gъrbačь).