Гарба́та ’чай’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. дыял. зах. герба́та, гарба́та ’тс’. Запазычанне з польск. herbata (дыял. harbata) ’чай’. У першай частцы гэтага слова лац. назва расліны наогул (herba), у другой бачаць паўд.-кіт. назву чаю tē. Як думаюць некаторыя даследчыкі (агляд гл. у Слаўскага, 1, 416), у польск. мову назва трапіла праз гал. herba thee (адсюль і іт. erba tè). Гл. Слаўскі, там жа; Брукнер, 171. Паводле іншай версіі (Слаўскі, там жа), у другой частцы слова трэба бачыць лацінізаваную форму назвы чаю ‑thea (такая форма засведчана даўно).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)