Перапла́ўніца, перэпла́ўленье, перапла́ўны ў выразе перапла́ўная серада, перапла́ныя серада, перэполове́нна серэда́, перэполове́нска серэда́ ’свята Перапалавенне, якое з’яўляецца палавінай Пяцідзесятніцы, пачынаецца яно з чацвёртай серады пасля Пасхі і працягваецца 8 дзён; паводле Евангелля, Хрыстос у гэты дзень увайшоў у царкву і пачаў вучэнне аб таямнічай вадзе’ (Гарэц., Бяльк., ТС, Касп.; добр., Мат. Гом.; Талстая, СіБФ — 1986). Да ц.-слав. прѣполовление ’сярэдзіна’, якое з’яўляецца калькай з с.-грэч. μεσοπεντηκοστή ’палавіна пяцідзесяці’ і звязваецца з лексемай палавіна (гл.). У палескіх гаворках выраз пераплаўная серэда атаясамліваецца з пераплыва́ць, параўн. паведамленне інфарматара: кажуць, ко́лісь Божа маці перэплувала чэрэз ре́ку і Cýca Хрыста сохраняла (Талстая, СіБФ — 1986, 216).
Перапле́цце ’перапляценне ў бёрдзе’ (чэрв., Сл. ПЗБ). З прасл. *per‑pletьje. Да пера- і пле́сці (гл.).
Пераплёт, параплёт, пераплют ’рашотка, рама, агароджа з перакрыжаваных перакладзін’ (ТСБМ, Янк. 2, усх.-палес., Шушк., Мат. Гом.), ’перапляценне, на якое кладуцца жэрдкі ў агароджы’ (віл., глыб., Сл. ПЗБ), ’плот-частакол’ (усх.-палес., Нар. сл.); пераплёт, пераплёціна ’пярэвітка’ (паўн.- і ўсх.-бел., ЛА, 4), пераплёт ’край бёрда (прадаўгаваты)’ (ветк., Мат. Гом.), перэплёты ’абмоткі трысцін у бёрдзе’ (ТС), ’плецены перадок у санях’, ’аснова лапця’ (рагач., светлаг., Мат. Гом.), пераплёт ’латы ў страсе’ (слуц., ЛА, 4), ’жэрдка для прыціскання саломы на страсе’ (усх.-палес., Нар. сл.), ’аснова страхі з гарызантальных жэрдак, прывязаных да крукоў бярозавым віццём ці лазой’ (Растарг.), піряплёціна ’лата, пераплеціна’, ’непрыемнасць’ (Бяльк.). Рус. переплёт, переплёты ’пляцень з тонкіх калочкаў’, ’колцы з прутоў у бучы’, ’тонкая перагародка ў засеку’; польск. przeplot ’перапляценне, пераплётная рэч, месца перапляцення’, przeplota ’лаза, якой прывязваюцца калкі ў плоце’; серб.-харв. пре́плет ’перапляценне, спляценне’. Прасл. *per‑pletъ, утворанае ад дзеяслова *per‑pletti (аснова *plet‑) > *per‑plesti > перапле́сці. Да пера- і пле́сці (гл.).
Пераплі́ца, перяплі́ца, параплі́ца, парлі́ца, партві́ца, цярплі́ца, пярхлі́ца ’металічная планка ў адтуліне верхняга каменя жорнаў’ (ЛА, 4) — усе да парпліца (гл.), пачатак слова перааформлены пад уплывам слоў з прыстаўкай пера-.
Пераплот, перапло́ты, пярэ́плат, пярэ́платы ’азярод’ (віл., Жыв. сл.; плешч., ДАБМ, камент., 790; віл., Сл. ПЗБ; Варл.; Касп., Гарэц., Яруш.); рус. перепло́т ’запруда, гаць’, польск. przepłot ’азярод’. Да пера- і пле́сці (гл.) з асновай *plot‑.
Пераплу́таць ’пераблытаць, памыліцца’ (Др.-Падб.), рус. прыбалт. переплу́тать ’бязладна сплесці, пераблытаць; змяшаць адно з адным’, укр. переплу́тати, переплутувати(ся) ’пераблытваць; змешваць’. Вытворнае ад плу́таць (гл.), магчыма, пад уплывам польск. przeplątać ’тс’. Стараж.-рус., ц.-слав. Переплут ’міфалагічны персанаж, бог-ахоўнік мараходаў’ суадносіцца з *pluti ’плысці’ (Фасмер, 3, 239) і, відаць, не звязаны з разгледжанымі дзеясловамі.
Пераплы́ніць ’змяніць кірунак цячэння’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Да пера- і плынь (гл.).
Перапой 1, пырыпі́й, пэрэпі́й, перапой ’даравізна, адорванне маладых на вяселлі’ (Сл. Брэс.; брагін., Эрэм.; ТС; ЛА, 3), ’узаемныя падарункі ў пачатку вяселля’ (Шат.), ’салодкая гарэлка — прыезд маладога на другі дзень пасля вянчання да цесця і цешчы’ (Др.-Падб., Гарэц.). Назоўнік ад перапіва́ць (гл.).
Перапой 2 (піряпой) ’хваравіты стан здароўя пасля вялікай колькасці выпітага спіртнога’ (Бяльк.). Да пера- і піць (гл.).
Перапо́йсаваць ’перамалочваць ячмень другі раз, каб лепш абцерлася асцё, вымалацілася калоссе’ (полац., Нар. лекс.; паст., шальч., Сл. ПЗБ). Да пера- і пойсаваць (гл.).
Перапо́ліца ’перапёлка’ (Дразд.), пераполячка, пераполка ’тс’ (дзятл., лудз., Сл. ПЗБ). Да перапёлка (гл.), канец слова зменены пад уплывам поле, пало́ць (параўн. перадачу голасу птушкі: піць‑палоць!).