Перапла́ўніца, перэпла́ўленье, перапла́ўны ў выразе перапла́ўная серада, перапла́ныя серада, перэполове́нна серэда́, перэполове́нска серэда́ ’свята Перапалавенне, якое з’яўляецца палавінай Пяцідзесятніцы, пачынаецца яно з чацвёртай серады пасля Пасхі і працягваецца 8 дзён; паводле Евангелля, Хрыстос у гэты дзень увайшоў у царкву і пачаў вучэнне аб таямнічай вадзе’ (Гарэц., Бяльк., ТС, Касп.; добр., Мат. Гом.; Талстая, СіБФ — 1986). Да ц.-слав. прѣполовление ’сярэдзіна’, якое з’яўляецца калькай з с.-грэч. μεσοπεντηκοστή ’палавіна пяцідзесяці’ і звязваецца з лексемай палавіна (гл.). У палескіх гаворках выраз пераплаўная серэда атаясамліваецца з пераплыва́ць, параўн. паведамленне інфарматара: кажуць, ко́лісь Божа маці перэплувала чэрэз ре́ку і Cýca Хрыста сохраняла (Талстая, СіБФ — 1986, 216).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)