Пера- — прыстаўка дзеясловаў і іх вытворных з шырокай семантыкай (накіраванасць, паўтарэнне, паслядоўнасць, дасягненне выніку дзеяння і пад.): пераслаць, перабіць, перакласці, перачакаць і г. д. (ТСБМ). У якасці дзеяслоўнай прыстаўкі (якая з прасл. *per‑) пашырана ў адпаведных формах (> prě‑/pre‑/pere‑) па ўсёй слав. тэрыторыі ў асноўным значэнні ’праз’. У асобных дыялектах (мовах) ужываецца ў значэнні ’перад’: ст.-слав. прѣдѣдъ ’продак’, макед. предедо, пребаба, ст.-чэш. přiemluva ’уступ’, славац. priedomie ’дворык перад хатай, домам’. Шырока прадстаўленыя і іншыя значэнні дзеяслоўнай прыстаўкі: ’на другі бок’, ’перарваць’, ’перашкаджаць’, ’зрабіць нанава, зноў’ і інш. У назоўнікаў гэтая прыстаўка свайго значэння не мае. У прыметнікаў і прыслоўяў выступае ва ўзмацняльнай функцыі: ст.-слав. прѣбогатъ ’вельмі багаты’, прѣвеликъ ’вельмі вялікі’ і мае найбольш дакладныя і.-е. паралелі: літ. per‑dìdelis альбо per dìdelis ’тс’, permãžas ’вельмі малы’, лац. peramārus ’вельмі горкі, жудасны’, per‑bene ’вельмі добра, цудоўна’, ст.-грэч. (часціца) περ ’вельмі’, πέρι і περί ’тс’ (περικαλλής ’цудоўны’), ст.-інд. pari‑prī ’вельмі мілы’. У асноўным значэнні ’праз’ прасл. прэфіксу *per адпавядаюць: літ. per‑, дыял. par‑, лат. pār‑, авест. pairi, гальск. eri (ст.-ірл. ’з, для, з-за’), гоц. faír‑ (ням. ver‑), алб. për. Прыстаўка per‑ узыходзіць да прыназоўніка *per, які разам з *pro і *pri ўваходзіць у і.-е. групу прыназоўнікаў *p‑r‑, развіццё якіх паралельнае ў і.-е. мовах: гоц. faír‑/faúr/fra‑ адпавядае ст.-грэч. περί, παρά, πρό, ст.-інд. pári, purā, prā‑, авест. pairi, para‑, fra‑, лац. per, per‑ (por‑), pro, ст.-ірл. er‑ і ro‑. У аснове ўсіх іх ляжыць значэнне ’праніканне праз што-небудзь’ і ’да чаго-небудзь’ ці ’каля чаго-небудзь’ (Вальдэ-Гофман, 2, 283; Мее, Études, 155; Фасмер, 3, 236; ESSJ, 1, 162–169).