Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вісельнік ’павешаны’ (БРС; КЭС, лаг.); ’варты шыбеніцы’ (Нас., Шат.), вісяльнік ’нядобры чалавек’ (Жд., 2). Укр. вішальник, рус. висельник, ст.-рус. висѣльникъ ’варты шыбеніцы’ (з XVII ст.). Відавочна, паходзіць ад viselʼь і суф. ‑nikъ; параўн. славен. víselj ’жолуд (у загадцы)’ < vis‑ěti і суф. ‑elʼь.

Вісельніца ’вісельня’ (Бяльк.), рус. арханг., смал. висельница, славац. viselnica, славен. visẹ̑łnice, балг. виселица. Утворана ад назоўніка ві́сельня (гл.) і суф. ‑n‑ica.

Ві́сельня, ві́сільня ’шыбеніца’ (КЭС, лаг.; БРС, КТС) — ад *вісель (параўн. рус. вяц. висель ’коўш’, славен. víselj ’жолуд (у загадцы)’, балг. висел ’нешта павешанае, тое, што вісіць’ і суф. Nomen loci ‑ня.

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Віск ’пранізлівы крык’ (БРС, КТС, Гарэц., Нас.), укр. виск, ст.-рус. вискъ (з XVII ст.), польск. wisk ’віск’; ’піск’; ’крык’, серб.-харв. ви̏ска ’крык, віск’; ’конскае іржанне’, макед. виск ’іржанне’; ’віск’, балг. виск ’іржанне’, ст.-слав. вискъ. Прасл. viskъ — гукапераймальнае ад vi‑ і суф. sk‑ъ. Праабражэнскі (1, 83) параўноўвае з н.-в.-ням. wiehern ’іржаць’, якое з’яўляецца ўзмацняльнай формай ад с.-в.-ням. wihen, ст.-в.-ням. wihôn (Клюге, 689). Гл. таксама визг (Фасмер, 1, 313; Шанскі, 1, В, 94).

Ві́скат ’віск’ (БРС, КТС), рус. арханг. визготок ’віск’. Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑ат (< прасл. ‑otъ < *‑oto‑), які служыў для абазначэння гукавога дзеяння або слыхавых уражанняў (Вступ., 151).

Віскатаць ’вішчаць’ (КТС) — адыменны дзеяслоў. Да віскат (гл.). Сюды ж віскатанне (КТС).

Віскатлі́вы (БРС, КТС). Утворана ад ві́скат (гл.) і суф. ‑лів‑ы.

Віскатня́ ’віск парасят’; ’дзіцячы плач’ (Нас.). Утворана ад шматкратнага дзеяслова віскаць (гл.) і суф. ‑атн‑я.

Віскаць ’пранізліва вішчаць’ (КТС). Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑аць.