Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́тухны ‘тут’, ‘прынамсі тут’, ‘тут-такі’ (Нас.). Да ту́т1 (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ухн‑ з ласкальным значэннем (параўн. бо́жухна, ма́тухна).

Тутэ́йшы ‘мясцовы, які жыве тут, не прыезджы’, ‘які ўласцівы гэтай мясцовасці, не прывазны’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Федар. 5, Бяльк., ТС, Касп., Вруб., Байк. і Некр.; акрамя ўсходняй Магілёўшчыны і Гомельшчыны, ЛА, 3), ‘абарыген, карэнны жыхар, тубылец’ (Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тутэйшы ‘родам адсюль, тубылец’, ‘які знаходзіцца тут’ (1635 г., ГСБМ). Паводле Карскага (1, 166), запазычана з польск. tutejszy — прыметнік ад tutej ‘тут’, хаця формай нагадвае параўнальную ступень прыметніка тутъ ‘гэты, вось гэты’ з суф. ‑эйш‑. Дзіні (Балтийские яз., 402) звяртае ўвагу на паралельнае літ. šišioniškiai (ад šišionai, šičionai ‘тут, сюды’), якім называюць сябе жыхары раёна Клайпеды. Пра рэгіянальную мадэль tutejsi/tutejšyja ‘die Hiesigen’ на беларуска-польскім паграніччы гл. Трэптэ ў Regionale Bewegungen in Regionalismen in europäischen Zwischenräumen seit der Mitte des 19. Jahrhunderts, Marburg, 2003, 145–157. Параўн. туташні, гл.

Тут-тут — падзыўныя для авечак (горац., ДАБМ, камент., 896). Гл. ту-ту-ту1. Магчыма, у выніку распадабнення з тут‑тут (гл.).

Туўка́ць ‘таўхаць, піхаць’, туўкануць ‘піхнуць’ (Бяльк.), ту́вкаты ‘штурхаць’, ту́вкатысь ‘штурхацца’ (брэсц., ЛА, 2). Фанетычныя варыянты дзеясловаў шматразовага дзеяння, утвораныя ад агульнаславянскай асновы *tъlk‑, гл. таўкаць. Заднеязычны ‑х‑ у паралельных формах туўхану́ць ‘штурхнуць’ (Бяльк.), туўха́ць ‘штурхаць’ (бяроз., Сл. ПЗБ), магчыма, пад уплывам лексем піха́ць, штурха́ць ‘тс’. Гл. таўхаць.

Туф ‘горная парода, якая служыць у якасці будаўнічага матэрыялу’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую (туф) ці польскую (tuf) мову з нованям. Tuff ‘тс’, запазычанага з італ. tufo, якое з лац. tōfur (tōphus), tūfus; крыніца паходжання для апошніх бачыцца ў оскска-ўмбрскіх дыялектах (Фасмер, 4, 127; Голуб-Ліер, 493; Арол, 4, 121; ЕСУМ, 5, 686).

Ту́флі, адз. л. ту́фель, памянш. ту́флік ‘лёгкі неглыбокі абутак, пантофлі’ (ТСБМ, Брасл. сл.), ту́флі, ту́хлі ‘тс’ (Сцяшк.), ту́хлі ‘тс’ (ТС, Арх. Вяр.), ту́хель ‘пантофель’ (Юрч. Вытв.), ту́флі, ту́плі ‘пантофлі’ (Васільковая сп., Сл. ПЗБ), памянш. туфелʼо́чак (Вруб.). Запазычаны з рус. ту́фли, ту́фель, якія з нідэрл. tóffel ‘хатні абутак’ ці з с.-н.-ням. tuffele, апошнія з с.-н.-ням. pantuffel (гл. пантофлі); яно ў выніку пераасэнсавання (паводле народнай этымалогіі) разлажылася на pant ‘завязка, шнурок’ і tuffel. Крыніцай запазычання лічыцца італ. pantofola (далей няясна, гл. Арол, 4, 122), якое нібыта з незасведчанага грэч. *παντόφελλός ‘сандалі на коркавай падэшве’ < πάντη ‘усюды, адусюль’, φελλός ‘коркавае дрэва’ (Фасмер, 4, 127; Чарных, 2, 273). Зайкоўскі (Слов. етим., 184–185), абапіраючыся на засчведчанае на Магілёўшчыне панто́пель ‘вязаны лапаць з тоўстых пяньковых ці льняных нітак’ (Янк. Мат.), мяркуе, што другая частка магла паходзіць з φλοιός, φλούδα ‘кара’, а дакладней ‘лыка’.

Ту́фна‘ так, у пэўным напрамку’ (Сцяш. Сл.). Няясна.

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Тух — выклічнік, што перадае глухі стук, удар, стрэл: се́рца тух, тух, як ня выскачыць (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне. Сюды ж ту́хаць ‘стукаць нагамі пры хадзьбе’ (Варл.), ту́хкаць ‘цяжка, гулка тупаць, бегучы ці ходзячы’ (Нар. Гом., Янк. 3.), тухаце́ць ‘неспакойна біцца (пра сэрца)’ (чэрв., Гіл.).

Ту́халь ‘тухляціна’ (Вушац. сл., Адм.), ту́хлік ‘нешта пратухлае’ (Касп.). Вытворнае ад тухлы (гл.).