Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сынкава́ць ’абразаць непатрэбныя галінкі з табаку, памідораў’ (Сцяшк.). Ад пасынкаваць ’тс’ (гл. пасынак2) з адсячэннем першага складу пад уплывам сын, сынок.

Сыно́вая ’жонка сына, нявестка’ (Нас., Байк. і Некр.), сынава́, сынава́я, сыно́ва ’тс’ (зах., Сл. ПЗБ), сынава́я, сыно́ва ’тс’ (Сцяшк.), ст.-бел. сыновая ’тс’. Магчыма, з польск. synowa ’тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), што фіксуецца ў функцыі назоўніка з XVIII ст. (гл. Длугаш-Курчабова, 478), у першую чаргу паводле націску і арэала распаўсюджання. Паводле Булахава (Бел. лекс., 19), субстантываваны прыметнік, суадносны з іншымі ўтварэннямі ў афіцыйнай мове Вялікага княства Літоўскага, гл. наступнае слова.

Сыно́вец ’сын брата або сястры’ (Сцяшк.), ’пляменнік, звычайна сын брата’ (бяроз., Шатал.), сыно́вяц ’тс’ (Сцяц. Сл.; шчуч., З нар. сл.; гродз., свісл., маст., Сл. ПЗБ), сыно́вэц ’няродны, прыёмны сын’ (Чэрн.), сыно́выць, сыно́вэць ’пляменнік’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. сино́ве́ць, синови́ць ’тс’, рус. сыно́ве́ц, стараж.-рус. сыновьць ’тс’, польск. synowiec, чэш., славац. synovec ’тс’, каш. senovc ’зяць’, в.-луж. synowc ’пляменнік’, серб.-харв. сино́вац ’тс’, славен. sinovec ’тс’. Вытворныя ад *synъ, паводле Скока (3, 237), ад варыянтнай асновы *synov‑, што адлюстравана ў адпрыметнікавым назоўніку харв. sinov ’сын брата або сястры’ (XIII–XIV стст.), пазней толькі з суф. ‑ьc > ‑ac: sinòvac ’сын брата’; відаць, самастойныя ўтварэнні асобных славянскіх моў. Меркаванні пра архаічны характар назвы гл. Панюціч, Лексіка, 39.

Сыно́к ’адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.). Няясна.

Сыня́тла. Гл. сунятла.

Сы́паць ’прымушаць падаць што-небудзь сыпкае ці дробнае’, ’трусіць, церушыць’, ’ісці, падаць (пра снег, дождж)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Растарг.), ’пасыпаць’ (Сл. ПЗБ), ’ліць, наліваць’ (брагін., мін., Цыхун, вусн. паведамл.; Растарг.): сып воду (КСП), ’ставіць сетку’ (калінк., Арх. ГУ), ’страляць’ (гарад., Нар. ск.), сы́пацца ’падаць уніз (пра што-небудзь дробнае)’, ’здыхаць, прападаць’ (ТС), ’ліцца (пра слёзы)’ (Ян.), ’часта нараджацца’ (Юрч. Вытв.), сыпаце́ць ’ляцець; шугаць’ (Сл. ПЗБ). Укр. си́пати ’сыпаць; ліць’, рус. сы́пать ’сыпаць’, ц.-слав. сыпати, польск. sypać ’сыпаць’, дыял. ’ліць’, в.-луж. sypać, н.-луж. sypaś, чэш. sypati, славац. sypať, серб.-харв. си̏пати ’сыпаць, ліць’, славен. sípati ’сыпаць’, балг. си́пвам ’сыпаць, ліць’, макед. сипе ’тс’, ст.-слав. сыпати ’сыпаць’. Прасл. *sypati ’сыпаць’; іншая ступень чаргавання: стараж.-рус. сути, съпу ’сыпаць’, ст.-слав. соути, съпѫ ’тс’. Славянскае слова роднаснае літ. sùpti, supù ’калыхаць, люляць’, ітэратыў sūpúoti, ст.-прус. suppis ’насып’, лац. supō, ‑āre ’кідаць’ (гл. Траўтман, 293; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1124; Фасмер, 3, 818; Шустар-Шэўц, 1400–1401; Махэк₂, 543; ЕСУМ, 5, 240–241. Борысь (590) *sypati разглядае як мнагакратны дзеяслоў ад прасл. *suti, *sъpǫ ’сыпаць’, параўн. яшчэ ст.-польск. suć, suję, каш. sëc, sëją ’сыпаць’, ст.-чэш. souti, suji ’тс’, славен. súti, spém ’тс’, якія сумесна з пазаславянскімі адпаведнікамі ўзыходзяць да і.-е. *su̯ep‑ з магчымым першасным значэннем ’рухацца туды і назад, трэсці’, адкуль у семантыцы славянскага слова рэшткі гэтага значэння ’хутка бегчы, ісці, рухацца’; гл. таксама Бязлай, 3, 344; SEK, 4, 261. Аб’яднанне значэнняў ’сыпаць’ і ’ліць’ трактуецца як іншамоўны ўплыў, параўн., напрыклад, Зінкявічус (Балта-слав. иссл. 1983, 28) адносна польск. дыял. sypać ’сыпаць’ і ’ліць’ пры літ. pílti, якое мае абодва значэнні (гл. яшчэ раней Кудзіноўскі, ABSl, 1, 225); параўн. таксама літ. seikė́ti ’вымяраць сыпкія і вадкія рэчывы’ (Буга, Rinkt., 2, 562). Больш падрабязна гл. Бланар, Зб. Дорулі, 76–83 (тут побач з іншамоўным уплывам дапускаецца і ўнутрымоўнае семантычнае развіццё).

Сы́пяль ’пясчаны астравок’ (Сл. ПЗБ). Да цыпель (гл.) пад уплывам сыпаць: сыпяльпясок намыты (там жа).

Сыр ’харчовы прадукт, які робіцца з малака, што заквашваецца пэўным спосабам’ (ТСБМ), ’сыр дамашняга вырабу’ (Бяльк.; полац., Нар. сл.; Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тварожны сыр у форме кліна’ (Вешт.), ’тварог, тварожная маса’ (ТС, ПСл, Маш., Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. сыръ: молоко оу сыр твердыи стало (XVI ст., Карскі 2-3, 496). Укр. сир ’сыр, тварог’, рус. сыр, стараж.-рус. сыръ, польск. ser, в.-луж. syra ’малозіва’, н.-луж. sera ’тс’, чэш. sýr, славац. syr, серб.-харв. си̏р, балг. си́рене ’брынза’, дыял. (радоп.) сир ’застыўшы тлушч у форме посуду, у які ён быў наліты’, макед. сирење ’брынза’, ст.-слав. сыръ ’сыр’. Прасл. *syrъ — першапачаткова субстантываваны прыметнік *syrъ ’сыры, вільготны’ (гл. сыры) (Слаўскі, SP, 2, 18; Сной, 569), роднаснае літ. sū́ras ’салёны’, sū́ris ’сыр’, ст.-прус. suris ’тс’, ст.-ісл. súrr ’закваска’, ст.-ісл. sýra ’кіслае малако’, алб. hirrë ’сыроватка’; гл. Траўтман, 293 і наст.; Буга, РФВ, 75, 148; Мюленбах-Эндзелін, 3, 859–860; Фасмер, 3, 849 з літ-рай; Махэк₂, 599; Скок, 3, 242; Шустар-Шэўц, 1402–1403; Борысь, 541–542, ЕСУМ, 5, 241. Гл. сыры, суровы.

Сы́ра ’міфічная істота’: каб цябе сыра ўбіла (Касп.), ’прастуда’: каб цябе сыра ламанула (Мат. Маг. 2), сы́ра: сыра переломила ’раптоўна памёр’ (Шымк. Собр.). Паводле Карскага (2–3, 325), эліпсіс з сырая зямля: каб цябе сырая зьела (“легко подразумевается земля”), аднак спалучэнні з рознымі дзеясловамі дэманструюць высокую ступень персаніфікацыі (табуізацыі?) першапачатковай семантыкі. Гл. сыры.

Сырабо́йня ’гумно’ (пух., Жд. 1), ’вялікая асець, гумно ў маёнтку’ (Касп., Шат.), ’вялікая будыніна ў двары, дзе стаіць малатарня’ (Варл.), ’стадола без асеці’ (Пятк. 1). Параўн. польск. syrobojnia ’месца ў адрыне для малацьбы’. Ад сыры (гл.) і біць, у значэнні ’малаціць’ (Варш. Сл.), г. зн. малаціць непадсушанае збожжа, параўн. сырамало́т, гл. Польскае слова, хутчэй за ўсё, запазычана з беларускай.