Сын ’асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Маш., Стан., ТС). Укр. син, рус. сын, стараж.-рус. сынъ, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. syn, серб.-харв. си̑н, славен. sín, балг., макед. син, ст.-слав. сынъ. Прасл. *synъ, старажытная аснова на ‑u; роднаснае літ. sūnùs ’сын’, ст.-прус. souns, ст.-інд. sunís, авест. hūnu‑, гоц. sunus, ст.-в.-ням. sunn і г. д., далей звязана са ст.-інд. sútē ’нараджае, вытварае’, авест. hunãmi ’нараджаю’, ірл. suth ’нараджэнне, плод’ і інш.; да і.-е. *sū‑nŭ < *seu̯ ’нараджаць’; гл. Траўтман, 292; Фрэнкель, Balt. Spr., 45; Уленбек, 339; Фасмер, 3, 817–818; Шустар-Шэўц, 1200; Скок, 3, 237; Махэк₂, 599; Покарны, 913–914; Борысь, 590; Бязлай, 3, 235; ЕСУМ, 5, 233; гл. спецыяльна Трубачоў, История терм., 48 і наст.; Шаўр, Etymologie, 27 і наст.