Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ту́таські ‘тутэйшы’ (ветк., Мат. Гом.). Утворана па ўзоры на́ські, гл. наскі (< наш‑скі), з іншай суфіксацыяй — тутэ́йсьні ‘тс’ з менай ‑шн‑ > ‑сьн‑ (аб гэтым гл. Карскі 1, 359–361), гл. туташні.

Ту́таўнік ‘морва, шаўкоўніца’, ‘драўніна гэтага дрэва’ (ТСБМ). З рус. туто́вник, якое ў выніку семантычнай кандэнсацыі з ту́товый куста́рник (ту́товое де́рево).

Ту́тачка (ту́тычка) ‘курачка’ (Яўс.). Ласкальнае падзыўное для курыцы, гл. ту-ту-ту1.

Ту́тачы ‘тут’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ; навагр., ЛА, 2), ту́точы ‘тс’ (Кліх), ту́тачы ‘зусім блізка’ (стол., Жыв. сл.). Да ту́та (гл.) пры дапамозе партыкулы (суф.) ‑чы, паходжанне якога не зусім яснае (Шуба, Прыслоўе, 56). Параўн. гэ́тачы ‘тут’ (навагр., Кліх), надо́ечы, цяпе́рачы (Карскі 2-3, 91).

Ту́ташні ‘тутэйшы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Растарг.; в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ), тутэшній, ту́тышній, туто́шній, ту́тъшні(й) ‘тс’ (Шымк. Собр.; мёрск., Нар. сл.; в.-дзв., рагач., б.-каш., добр., гарад., ЛА, 3, Бяльк., Юрч. СНЛ), тутэ́шні, тутэ́шны ‘тс’ (Нас.; клім., полац., брэсц., ЛА, 3, ТС), ст.-бел. тутошний, тутошны, тутошный ‘мясцовы, характэрны для гэтай мясцовасці’, туточный ‘які знаходзіцца тут’, тутешній, тутечный ‘тс’ (ГСБМ). Відаць, утворана ад тутачы (гл.), магчыма, пад уплывам ст.-польск. tuteczny ‘тс’, пра што сведчаць формы з націскам на ту́, якія маглі ўтварыцца незалежна ад польскай лексемы.

Ту́тка ‘бляшаная трубка пры серах у калаўротку, праз якую праходзіць нітка’ (бельск., Ніва, 1979, 7 студз.). Запазычана як тэрмін, хутчэй за ўсё, з ням. Dütte ‘скручаны з паперы кулёк, трубка’ (Брукнер, 585), н.-в.-ням. Tüte, Tute ‘конусападобны скрутак з паперы’, ід. tut ‘тс’, праз. польск. tutka ‘тс’ і ў пераносных значэннях (Борысь, 655; Вінцэнц). Параўн. балг. ту́туля ‘цэўка’, якое семантычна — паводле значэння бліжэй да беларускага слова, што, на думку Куркінай (Этимология–1971, 77), можа ўзыходзіць да *tyti (гл. тыць) або мець мажлівую сувязь з чэш. мар. tutati ‘трубіць’, паводле Махэка₂ (662) — гукапераймальнага паходжання, аднак вузкая тэрміналагізацыя такія збліжэнні робіць малаверагоднымі.

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Тутні́ца ‘аорта’ (Ласт.), ту́тніца ‘тс’ (Некр. і Байк.), ‘артэрыя’ (Др.-Падб.). Відаць, запазычана з польск. tętnica ‘тс’, параўн. тутнець, гл.

Туту́ дзіцяч. ‘поезд, машына’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.)., туту́каць ‘падаваць гукі (пра музычны інструмент)’ (ТС). Гукапераймальныя імітатывы.

Туту́н ‘тытунь, Nicotiana rustica L.’ (Некр. і Байк., Ласт., Кіс., Касп.), туту́нь ‘махорка’ (Мал.). Запазычанае з польск. tutuń ‘тс’. У літаратурным тыту́нь, тыту́н (гл.), у дыял. тыту́нь віргінскі ‘Nicotiana tabacum L.’ (гродз., Кіс.), як і ў польск. tytoń, адбылося распадабненне цюркскага сінгарманізму, параўн. ст.-бел. тютюнъ, титунъ, титюнъ, тытюнъ (з XVII ст.), запазычаныя з крым.-тат., асм.-тур. tütün (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Параўн. таксама цюцюн, гл.