Надоечы ’нядаўна, днямі’ (ТСБМ, Мат. Гом., Янк. 2, Ян.), надоячы ’тс’ (Бяльк., Пятк.), надойчы ’тс’ (Сцяшк.), надовечы, надовячы ’тс’ і ’сягоння раніцай’ (Нас., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Ян.), надоіч ’днямі’ (Сл. ПЗБ), надое ’тс’ (Жд. 2), рус. бран., смал. надоичи, надойчи, надовичи. Найбольш блізкімі да названых зыходнымі словамі маглі быць формы тыпу бел. нагда, рус. онады, оноды ’тс’ (< onogъda/‑dy, гл. ESSJ SG, 2, 525), расшыраныя партыкуламі, што ўзыходзяць да указальных займеннікаў jь і овъ. Карскі (2–3, 71) і Шуба (Прыслоўе, 63) лічаць ‑чы суфіксам, больш правільным было б разглядаць яго ў якасці ўзмацняльнай партыкулы (параўн. ESSJ SG, 1, 305). Магчыма, збліжэнне канца слоў з прыслоўямі тыпу рус. давеча ’недавно’, параўн. надавяча (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)