Прылі́ць ’заліць’, прыліва́ць ’настойваць (настойку)’; таксама аддзеяслоўны назоўнік прылі́ўка (прылі́вачка) ’падліўка’ (Ян.). Да ліць (гл. лі́цца) з развіццём і пашырэннем семантыкі; ст.-рус. приливати, рус. прилива́ти, укр. прилива́ти ’заліваць; паліваць; даліваць’.
Прылі́чны ’прыстойны; дзябёлы, мажны’ (Ян.); відаць, сюды ж семантычна (да 1‑га знач.) і арэальна блізкае прылі́цы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (рэч., ЛА, 3) з рэгулярным чаргаваннем канцавога зычнага асновы. Узыходзіць да прасл. *priličьnъjь прэфіксальнае ўтварэнне ад *ličьnъjь, гл. таксама лі́чны 2. Укр. прили́чний ’адпаведны, слушны, дарэчны’, рус. прили́чный ’які падыходзіць, прыстойны’, ст.-рус. приличьныи ’падобны’, ц.-слав. приличьнъ ’тс’, чэш. priličný ’адпаведны’, славен. príličen ’які падыходзіць, значны, вялікі’, серб.-харв. прѝличан ’дастатковы, значны; прыстойны’, балг. прили́чен ’падобны’. Гл. Фасмер, 3, 364.
Прыло́ж (прыло́ш) ’абложная зямля’ (іван., ДАБМ). Фанематычны карэлят з рэгулярным чаргаваннем зычнага асновы (магчыма, пад уплывам абло́жны) да незафіксаванага *прыло́г, якое працягвае прасл. *prilogъ < *priložiti < *ložiti, гл. таксама лажы́ць. Рус. дыял. прило́га ’прырэзаны зямельны ўчастак’, стараж.-рус. прило́гъ ’дадатак’ (Сразн., XI ст.), польск. przylóg, przyłóg, przełóg ’цаліна’, славен. prilog, priloga, серб.-харв. прилог, балг. прилог ’дадатак, дабаўка’, ст.-слав. прилогъ ’прыбаўка, прыбаўленне, дадатак’. Гл. таксама Скок, 2, 282; БЕР, 5, 719. Звяртае на сябе ўвагу семантычнае супадзенне з рум. pêrlóg ’аблог’, запазычанае ў сваю чаргу з балг. прелог ’тс’ (БЕР, 6, 94).
Прыло́нне, прыло́нак ’лона; калені; месца (для дзяцей) на каленях’ (Нас., Байк. і Некр.); таксама сюды ж прыло́нне ’аб’ём, абхват рукамі; мера пры куплі-продажы’ (Нас., Інстр. 3). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад ло́на ’грудзі; чэрава; калені; ахапак, бярэмя’ (гл.) < прасл. *lono, якое ўжо мела як гэтыя, так і семантычна блізкія значэнні (ЭССЯ, 16, 32–35).
Прыло́ўчыць ’прыстасаваць’, прыло́ўчаныя ’прыстасаваныя’ (мядз., Жд. 3). Ад ло́ўкі ’спрытны, умелы, добры, якасны’ (гл.), якое працягвае прасл. *lovъkъ(jь).
Прылу́дзіць ’адбяліць (напрыклад, палатно)’ (паст., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад луг 3 ’шчолак з попелу, залітага варам’ (гл.) з чаргаваннем у фіналі асновы, магчыма, пад уплывам лудзіць ’пакрываць палудай’.
Прылуне́ць ’здурнець’, прылуне́лы, прылуне́ўшы ’не зусім разумны; псіхічна хворы’ (валож., брасл., барыс., глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 3). Да лунь 3 (гл.).
Прылу́пка ’палонка’ (віл., Сл. ПЗБ). Да про́лубка (гл.) у выніку дээтымалагізацыі і збліжэння з лупі́ць ’біць, здымаць кару’ (гл.).
Прылуча́й ’выпадак’ (Нас.), таксама вытворныя прылу́чка ’тс’ (Бяльк.), прылучэ́нне ’збег абставін, здарэнне, прыгода’ (Нас.). Сюды ж таксама вытворнае, якое захавала спрадвечны націск, прылу́ка ’здарэнне, выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Жд., Стан.) з рэгулярным (тут “адваротным”) чаргаваннем у фіналі асновы. Узыходзіць да прасл. *prilučějь < *prilučiti (sę), прэфіксальнага да *lučiti (sę), гл. лу́чыць (гл. таксама ЭССЯ, 16, 162–163 з падрабязным аналізам семантыкі). Ст.-слав. прилоучаи: по прилоучаю ’выпадкова’, ст.-рус. прилучаи ’абставіны; выпадак; няшчасце, бяда; лёс’, балг. прилу̀ка ’зручны выпадак; прыгода’ (БЕР, 5, 720: аддзеяслоўнае вытворнае ад прылуча), рус. дыял. при́лучь ’выпадак; здарэнне’, прилу́чай ’выпадак’, а таксама прилукну́ть ’набыць выпадкова’, прилуча́ться, прилучи́ться ’здарацца, адбывацца’, укр. прилуча́тися, прилучи́тися ’здарацца, здарыцца’. Варбат (Этимология–1972, 48–49) лічыць роднасным і польск. дыял. przyłyka ’жанчына, якая прыехала з мужам з іншай мясцовасці’, што адрозніваецца ступенню каранёвай галоснай.
Прылучы́ць, прылуча́ць ’уключыць, далучыць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт.), прілучы́ць ’далучыць’ (Бяльк.), прылучаць ’прычашчаць’ (Ласт.); ст.-бел. прилучати, прилучатися ’далучаць, далучацца’, прилучити, прилучитися (Сл. Скарыны), аддзеяслоўны субстантыў прылучэ́нне ’далучэнне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), ’прычашчэнне’ (Ласт.). Сюды ж вытворныя: прылу́чны ’які выпадкова прыбіўся не да свайго статку’ (Нас.), дзе часткова захоўваецца семантыка прылуча́й ’выпадак’, прылу́ка ’муж, што пасяліўся пасля жаніцьбы ў доме сваёй жонкі’ (Інстр. 2). Узыходзіць да прасл. *prilǫčiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *lǫčiti, гл. лучы́ць 1 ’яднаць, злучаць’ (гл. таксама ЭССЯ, 16, 132–134). Укр. прилуча́ти ’далучаць; дадаваць; уключаць’. Ст.-рус. прилучити ’прылучаць; даць, падараваць’, рус. дыял. прилуча́ть, прилучи́ть ’прынаджваць, прывабліваць, далучаць’. Гл. таксама Фасмер, 3, 365; ЕСУМ, 3, 315–316, Варбат, Слав. языкозн., IX, 66–67.