Прылучы́ць, прылуча́ць ’уключыць, далучыць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт.), прілучы́ць ’далучыць’ (Бяльк.), прылучаць ’прычашчаць’ (Ласт.); ст.-бел. прилучати, прилучатися ’далучаць, далучацца’, прилучити, прилучитися (Сл. Скарыны), аддзеяслоўны субстантыў прылучэ́нне ’далучэнне’ (Нас., Гарэц., ТСБМ), ’прычашчэнне’ (Ласт.). Сюды ж вытворныя: прылу́чны ’які выпадкова прыбіўся не да свайго статку’ (Нас.), дзе часткова захоўваецца семантыка прылуча́й ’выпадак’, прылу́ка ’муж, што пасяліўся пасля жаніцьбы ў доме сваёй жонкі’ (Інстр. 2). Узыходзіць да прасл. *prilǫčiti, прэфіксальнае ўтварэнне ад *lǫčiti, гл. лучы́ць1 ’яднаць, злучаць’ (гл. таксама ЭССЯ, 16, 132–134). Укр. прилуча́ти ’далучаць; дадаваць; уключаць’. Ст.-рус. прилучити ’прылучаць; даць, падараваць’, рус. дыял. прилуча́ть, прилучи́ть ’прынаджваць, прывабліваць, далучаць’. Гл. таксама Фасмер, 3, 365; ЕСУМ, 3, 315–316, Варбат, Слав. языкозн., IX, 66–67.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)