Прылуча́й ’выпадак’ (Нас.), таксама вытворныя прылу́чка ’тс’ (Бяльк.), прылучэ́нне ’збег абставін, здарэнне, прыгода’ (Нас.). Сюды ж таксама вытворнае, якое захавала спрадвечны націск, прылу́ка ’здарэнне, выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Жд., Стан.) з рэгулярным (тут “адваротным”) чаргаваннем у фіналі асновы. Узыходзіць да прасл. *prilučějь < *prilučiti (sę), прэфіксальнага да *lučiti (sę), гл. лу́чыць (гл. таксама ЭССЯ, 16, 162–163 з падрабязным аналізам семантыкі). Ст.-слав. прилоучаи: по прилоучаю ’выпадкова’, ст.-рус. прилучаи ’абставіны; выпадак; няшчасце, бяда; лёс’, балг. прилу̀ка ’зручны выпадак; прыгода’ (БЕР, 5, 720: аддзеяслоўнае вытворнае ад прылуча), рус. дыял. при́лучь ’выпадак; здарэнне’, прилу́чай ’выпадак’, а таксама прилукну́ть ’набыць выпадкова’, прилуча́ться, прилучи́ться ’здарацца, адбывацца’, укр. прилуча́тися, прилучи́тися ’здарацца, здарыцца’. Варбат (Этимология–1972, 48–49) лічыць роднасным і польск. дыял. przyłyka ’жанчына, якая прыехала з мужам з іншай мясцовасці’, што адрозніваецца ступенню каранёвай галоснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)