Ту́ры-ту́ры (прыпеўка): Туры‑туры‑туры. / Пайшлі куры на хаўтуры (арш., Дзіц. фальклор). Гукаперайманне (імітацыя акампанементу на музычным інструменце?), параўн. тыры-тыры, гл.
Турэ́ц ‘звужанае рэчышча са шпаркім цячэннем вады’ (дзісн., Ластоўскі, Выбр. тв., 421), ‘быстрыня, струміна, хуткая плынь у рацэ’ (Ласт.), ‘прыспешаная плынь вады, сціснутая з двух бакоў каменнымі стромкімі лехамі’ (У. Дубоўка). Суфіксальнае ўтварэнне ад турыць ‘гнаць, імчаць’ (Пацюпа, Arche, 2007, 3, 195). Санько (Бел. гіст. агляд, 2007, 14, 1–2, 335) бачыць паралель у назве рэчкі Тур або Тураўлянка, якая, па паданні на Тураўшчыне, раней называлася Струмень, параўн. санскр. turá ‘хуткі’ і фрак. strumá, strumón ‘плынь, рака’.
Турэ́цкі ‘які мае адносіны да Турцыі або яе жыхароў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), туре́цʼкі ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. турецкий, турецский, туречкий ‘тс’ (1565–1566 гг.), ‘састаўная частка некаторых батанічных назваў’ (1599 г., ГСБМ), у пераносных значэннях таксама ‘чужы, незнаёмы’: Я адну дачку маю — / Тую замуж аддаю / Да ў турэцкую зямлю (бешанк., Песні нар. свят), ‘чужаземны’: turéckʼiĭe ôrýexi ‘грэцкія (валоскія) арэхі’ (лун., Арх. Вяр.), часам у значэнні ‘дзікі, непрыемны, шкодны’: турэ́цкі баго́н ‘нейкая расліна, падобная на багон’ (ТС), або, наадварот, турэ́цкі рамо́нак ‘рамонак пахучы’ (лельч., Нар. лекс.), гл. спецыяльна пра ўжыванне т. зв. ксенонімаў Беразовіч, Язык и традиционная культура, 433–436 і інш. Ва ўсходнеславянскіх мовах лічыцца запазычаннем з польск. turecki (вытворнае ад Turek ‘турак’), як і сама назва краіны Турцыя (польск. Turcja з новалац. Turcia), гл. Фасмер, 4, 126; Гарбуль, Семант. полонизмы, 184; Арол, 4, 119; відавочна, пранікненне праз старабеларускую мову (Золтан, SSlav., 34, 1–4, 113–116). Аўтары ЕСУМ (5, 683) дапускаюць утварэнне непасрэдна ад ту́рки (< *турец), як і Туреччина, турьський, што да тур. Türk ‘турак, цюрак’, параўн. і ст.-бел. турский ‘турэцкі’ (1516 г., ГСБМ). Параўн. туркі-баркі, гл.
Турэ́чынка ‘крынічнік доўгалісты, Veranica longifolia L.’ (гродз., Кіс.). Магчыма, да Турэччына, турэцкі (гл.) з актуалізацыяй значэння ‘незвычайны, не падобны да іншых’. Пастусяк (Pogranicze, 266) звязвае з горкім смакам зелля, гл. папярэдняе слова. Лучыц-Федарэц (пісьм. паведамл.) дапускае народнаэтымалагічнае збліжэнне з урокі (гл.) з «прыстаўным» т‑ у лексеме *урэ́чынка, роднаснай чэш. úročník ‘Veronica officinalis’ < úřek ‘сурокі’, параўн. рус. урочная трава ‘трава ад сурокаў’.
Тур-р — пра свіст: нейкыя птушычка тур‑р, тур‑р у лазе (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне; аналагічнага паходжання падзыўныя і адгонныя словы: тур-тур ‘падзыўныя для свіней’ (Мова Сен.), турр — пры гэтых словах свінні ўцякаюць дамоў з поля (Касп.).
Тур-тур ‘выгукі, якімі падзываюць свіней’ (Мова Сен.). Гукапераймальнае.
Тусава́цца ‘змяняцца па чарзе, чаргавацца’ (Мова Сен.). Гл. тасаваць 1.
Тусі́ць ‘гасіць, тушыць (пажар)’ (Нас.). У выніку кантамінацыі дзеясловаў тушыць і гасіць (гл.).
Туск ‘выпат, пот’ (пін., Нар. лекс.), ‘пот, вільгаць’: гарачка, аж туск з его іде (Альп.). Няясна. Найбольш блізкім фармальна і семантычна з’яўляецца серб.-харв. ту̀ска ‘вытапкі, выжаркі’, якое Скок (3, 507) выводзіць з trȕska ‘шлак, нагар’, параўн. таксама рус. бранск. туска́ ‘невялікая, малая колькасць’ (СРНГ). Далёкія семантычна рус. дыял. туск ‘змрок, бяльмо’ < прасл. *tǫskъ (Страхаў, Palaeoslavica, 22, 1, 224), ту́ски ‘вочы’, як здаецца, з’яўляюцца выпадковымі супадзеннямі. Гл. таксама рус. туск ‘туман, цемната’, гл. Фасмер, 4, 126 (з няпэўнай этымалогіяй).
Ту́склы ‘цьмяны, без бляску’ (Ласт.), ‘бледны’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́склий ‘цьмяны, мутны; смутны’, рус. ту́склый ‘цьмяны, змрочны; непрыкметны; падслепаваты’. Т. зв. элавая форма да дзеясловаў тускнуць, тускнець (гл.).