Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вінны1 ’вінаваты’ (БРС, Шн.; КЭС, лаг.; Бяльк., Мат. Гом.); ’той, хто мае доўг’ (КЭС, лаг.; Нас.); ’слухмяны, пакорлівы’ (Нас.). Укр. винний ’вінаваты’; ’даўжнік’, рус. пск. винный ’прычынны’, наўг., калін. ’магчымы, такі, які можа адбыцца’, ст.-рус. винный ’прычынны’; ’вінаваты, абвінавачваемы’; ’даўжнік’, польск. winny ’вінаваты, які заслугоўвае пакарання’, в.-луж. уст. winny ’вінаваты’, чэш. vinný ’тс’, славац. vinný ’вінаваты, вінны’. Паўночнаслав. прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ ад асновы назоўніка віна́1 (гл.).

Ві́нны2 ’які мае адносіны да віна’, вінны спірт, вінны перагар, вінны колер, вінны смак і інш. (БРС, КТС, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Бяльк.), укр. винний ’вінны, вінаградны’, рус. винный ’вінны’, паўн.-рус. ’напоўнены віном’, калуж. винная трава ’грушанка, Pirola secunda L.’ польск. winny ’вінны, вінаградны’, в.-луж. winny, чэш. vinný, славац. vínny, балг. винен ’тс’, винена болест ’эпілепсія’, ст.-слав. виньнъ. Прасл. vinьnь, якое ў некаторых паўднёваслав. мовах даўно змяніла свой канчатак ‑ьnъ на ‑ов, ‑ован, ‑jen, ‑ьски (Скок, 3, 595), відаць, таму, каб пазбегнуць аманіміі з вінны ’вінаваты’. Тое ж мы маем і ў іншых слав. мовах. Утворана ад віно́ (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьnъ.

Вінны3 ’піковы (пра масць у картах)’ (КТС, Нас.). Утворана ад ві́на1 (гл.).

Віно́ ’віно, алкагольны напітак, пераважна вінаградны’; ’гарэлка’ (БРС, КТС), віно́ зеляно́, віно — прыпеў у песні (беласт., Ант.). Укр. вино ’віно’; ’вінаград’, рус. вино ’віно, гарэлка’, ст.-рус. вино ’вінаград’ (з XII ст.), вино (з XI ст.) ’гарэлка, спірт’, польск. wino ’віно’; ’вінаград’, н.-луж., в.-луж. wino ’віно’, чэш. víno ’віно’; ’вінаград, гронкі вінаграду’; ’агрэст’, славац. víno ’віно’; ’дзікі вінаград’, славен. víno ’віно’, серб.-харв. ви́но, макед. вино, балг. вино ’тс’. Прасл. vino. Фасмер (1, 316) лічыць, што гэта слова з’яўляецца старажытным культурным міжземнаморскім тэрмінам; параўн. грэч. (Ϝ)οἴνη ’лаза’, (Ϝ)οἶνος ’віно’, лац. vīnum, арм. ginī, алб. vēnë, гоц. wein, ст.-в.-ням. wîn, груз. ɣuino, араб. wayun, ст.-яўр. jajin, зах.-сям. wain, асір. īnu. Адсутнасць роднасных назваў віна ў індыйскіх і іранскіх мовах сведчыць пра тое, што віно паходзіць з Міжземнамор’я (Малая Азія — Каўказ). Шляхі пранікнення: ВальдэПокарны (1, 226), Стэндэр–Петарсан, Лёвэ (IF, 13, 5) мяркуюць, што віно паходзіць з гоц. мовы; Ірэчэк (AfslPh, 31, 443), Романскі (JIRSpr., 15, 132), Скок (ZfslPh, 2, 391–400) — з лац. крыніцы, Пагодзін (Anz IF, 13, 132) — з фракійскай мовы. Младэнаў (66), Вальдэ (839), Геаргіеў (Исследов., 265), БЕР (1, 149) зыходзяць пры тлумачэнні першакрыніцы з і.-е. моўных сродкаў — ад кораня *u̯ei > прасл. vi‑ti > віць, вѣтвь, лац. vitis. Міклашыч (392) лічыць слова паўночнаеўрапейскім. Бернекер (1, 25) лічыць слав. vino вельмі старым, не пазней VI ст. н. э. (В. У. Мартынаў, вусн. паведамл.) і роднасным да ст.-слав. винꙗга, серб.-харв. вѝњага, славен. vinjága ’вінаград’ (параўн. літ. vỹnuogė ’вінаград’). Махэк₂ (690) лічыць першакрыніцай слав. vino балканскую латынь і, магчыма, герм. мовы. Гл. яшчэ Покарны, 1121; Клюге, 389; Скіт, 717; Рудніцкі, 1, 391–392.

Віновы1 ’піковы’ (Касп.), укр. виновий ’тс’. Утворана ад ві́на1 (гл.) і суф. ‑ов‑ы. Гл. яшчэ Унбегаун, Sel. Papers, 1969, 257.

Віновы2 калодзезь (фалькл.) ’вінны, адкуль бяруць віно’ (віц., паст., Шырма, Песні). Адносны прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ов‑ы (як сасновы) ад віно́ (гл.).

Віноўка ’сорт яблык’ (Сцяшк.), рус. варон. вино́вка ’сорт вінных яравых яблык’. Утворана ад прыметніка віновы (параўн. польск. winowy ’вінны’) і суф. ‑к‑a. Гл. яшчэ вінёўка.

Віноўнасць ’вінаватасць’ (КТС). Відаць, запазычана з рус. виновность ’тс’.

Віно́ўнік ’вінаваты ў чым-небудзь; той, хто з’яўляецца прычынай чаго-небудзь’, рус. виновник ’крыніца прычыны чаго-небудзь’, тамб. ’ландыш, Convallaria majalis’, горк. ’мудранка, Paris quadrifolia L.’, ст.-рус. виновникъ ’вінаваты; даўжнік’ серб.-харв. ви́новник ’тс’, макед., балг. виновник ’вінаваты’. Лексема ўтворана ад асновы прыметніка vin‑ov‑ьnъ (віноўны) і суф. ‑нік. Сюды ж віноўніца (< vinov‑ьn‑ic‑a).

Вінт1 ’болт са спіральнай нарэзкай шруба’ (КТС, БРС). Укр. гвінт, рус. винт, макед., балг. винт ’тс’, чэш. народн. vint ’нарэзка шруба’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 27) < польск. gwint ’вінт’ < ням. Gewinde ’нарэзка’, winden ’абвіваць, намотваць, круціць’ (Брукнер, 165; Шанскі, 1, В, 101; Фасмер, 1, 317). Цалкам магчыма, што бел. вінт паходзіць непасрэдна з польск. мовы. Сюды ж вінтавы́.

Вінт2 ’частка рухавіка парахода ці самалёта ў выглядзе лопасцей, замацаваных на валу’. Запазычана з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 98).

Вінт3 ’карцёжная гульня’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы; параўн. винт ’тс’ < ням. Gewinde. Да вінт1 (гл.).

Вінтоўка ’ружжо з вінтавымі нарэзамі ў канале ствала’ (БРС, КТС). Укр. гвінтівка, рус. винтовка, ст.-рус. винтовка (з XVII ст.). Утворана ад прыметніка винтовой пры дапамозе суф. ‑к‑a па мадэлі водянка і інш. (КЭСРЯ, 82; Шанскі, 1, В, 102; Фасмер, 1, 317; Унбегаун, Sel. Papers, 1969, 243). Бел. лексема запазычана з рускай мовы. Сюды ж вінтовачны.

Віну́ць ’прыгалубіць, прыгортваць, прысвойваць, абгортваць’ (Нас.), віну́цца ’гарнуцца, хіліцца, туліцца’; ’быць старанным, руплівым’; ’прыставаць’ (Гарэц., Нас.). Польск. winąć ’віцца’, winnąć się ’слацца, абвалаквацца’; ’круціцца’, чэш. кніжн. vinouti ’прыціскаць’, vinouti se ’туліцца, гарнуцца’, славац. vinúť ’туліць, прыгарнуць (да сябе)’, vinúť sa ’туліцца, гарнуцца’; ’кружыцца вакол чаго-небудзь’; ’узнімацца, віцца вакол чаго-небудзь’; ’ціха выходзіць з сярэдзіны (пра гук)’, серб.-харв. ви́нути ’вільнуць (хвастом)’; ’узняць, ускінуць’, ви́нути се ’ўзляцець, узняцца’. Прасл. vinǫti. Утворана пры дапамозе суф. ‑nǫ ад дзеяслова viti ’віць’ (гл.). У гэтай лексеме суф. ‑nǫ‑ не мае значэння аднаразовасці.

Вінцэрад ’непрамакальны плашч’ (КТС), рус. раст. винцера́д ’плашч з капюшонам’, дан. винцера́да ’плашч ад дажджу’, кубан. ’непрамакальны плашч’, польск. wincerada ’непрамакальны плашч, які носяць маракі’. Запазычана з рус. мовы < іт. fina ’тонкая’ і cerata ’кляёнка’ (Фасмер, 1, 318).