Вінны 1 ’вінаваты’ (БРС, Шн.; КЭС, лаг.; Бяльк., Мат. Гом.); ’той, хто мае доўг’ (КЭС, лаг.; Нас.); ’слухмяны, пакорлівы’ (Нас.). Укр. винний ’вінаваты’; ’даўжнік’, рус. пск. винный ’прычынны’, наўг., калін. ’магчымы, такі, які можа адбыцца’, ст.-рус. винный ’прычынны’; ’вінаваты, абвінавачваемы’; ’даўжнік’, польск. winny ’вінаваты, які заслугоўвае пакарання’, в.-луж. уст. winny ’вінаваты’, чэш. vinný ’тс’, славац. vinný ’вінаваты, вінны’. Паўночнаслав. прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьn‑ъ ад асновы назоўніка віна́ 1 (гл.).
Ві́нны 2 ’які мае адносіны да віна’, вінны спірт, вінны перагар, вінны колер, вінны смак і інш. (БРС, КТС, Янк. Мат.; КЭС, лаг.; Бяльк.), укр. винний ’вінны, вінаградны’, рус. винный ’вінны’, паўн.-рус. ’напоўнены віном’, калуж. винная трава ’грушанка, Pirola secunda L.’ польск. winny ’вінны, вінаградны’, в.-луж. winny, чэш. vinný, славац. vínny, балг. винен ’тс’, винена болест ’эпілепсія’, ст.-слав. виньнъ. Прасл. vinьnь, якое ў некаторых паўднёваслав. мовах даўно змяніла свой канчатак ‑ьnъ на ‑ов, ‑ован, ‑jen, ‑ьски (Скок, 3, 595), відаць, таму, каб пазбегнуць аманіміі з вінны ’вінаваты’. Тое ж мы маем і ў іншых слав. мовах. Утворана ад віно́ (гл.) пры дапамозе суф. ‑ьnъ.
Вінны 3 ’піковы (пра масць у картах)’ (КТС, Нас.). Утворана ад ві́на 1 (гл.).