Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Валю́тчык ’той, хто займаецца незаконнымі валютнымі аперацыямі’ (КТС). Суфіксальнае ўтварэнне ад валюта.

Валюх ’пузан, цяльпук, мяла’ (Клім.), валюхла ’капун, павольны ў хадзьбе чалавек’ (З нар. сл.), валюх‑валюх ’выклічнік (пра хаду)’ (КСП). Да валяць з экспрэсіўнай суфіксацыяй; параўн. валёх‑валёх ’выклічнік’, рус. валях, валяха, валяшка, валява, валюга, валюшка ’цяльпук’, увалень, бесар. валюхаваты ’цяльпук’.

Валюха́ста ’валюхаючыся’ (КТС): «павярнуўся і валюхаста зашлёпаў па гразі» (В. Быкаў). Да валюхасты < валюх.

Валюха́цца ’перавальвацца з нагі на нагу’ (Жд.). Да валюх (гл.).

Валю́хла. Гл. валюх.

Валю́ш ’валяльня’ (БРС, Бір. Дзярж.); ’млын, у якім ёсць прылады валяць сукно, шарстабітня’ (КЭС), валюша ’тс’ (КЭС, КСТ), валюшня ’тс’ (БРС, Маш., Сцяшк. МГ, Янк.₂), валюшны (КТС), валуша ’валяльня’ (КТС). Да польск. folusz ’млын, дзе валялі тканіны’ (Брукнер, 124; Рудніцкі, 1, 303). Польскае паходжанне пацвярджаецца націскам у ва́люш. Гук в у пачатку слоў — вынік кантамінацыі з валяць. С. Мікуцкі (Третий отч., 207) памылкова лічыць, што бел. валюш да валіць, адкуль і польск. folusz.

Валю́шаць, валюшаты ’абкачваць у муку’ (Клім.). Валюшаты < (рабіць) *валюшы, гл. валюшка.

Валю́шка ’кавалак гліны’ (Жд.). Валюшка < *валюша ’тое, што валяюць, валяецца’, якое да валяць ’паварочваць з боку на бок’; параўн. рус. катыш ’кавалак скачанага хлеба’.

Валява́ты ’з вялікім валлём’ (Нік.). Да валлё. Параўн. укр. воластий ’тс’.

Валява́ха1 ’чапля’ (КЭС), вальваха, валеваха, оловаха ’Ardea purpurea L.’, ’чапля рыжая’ (Нік.), валяваха ’бугай, бухала (птушка)’ (Некр., Маш., Гайдукевіч, Працы IM, 6), палес. волʼоваха, волюваха, волювака, волювак, воловаха, волʼлʼаха, олеваха ’чапля рыжая, Ardea purpurea L.’ і ’чапля шэрая, Ardea cinerea L.’, дыял. валяваха, волік ’Ardea stellaris L.’, паўдн.-зах. волюваня ’Ardea cinerea L.’, бойк. волʼованʼі ’чапля’ (Нікан., Бел.-укр. ізал., 62). Формы оловаха, олеваха дазваляюць меркаваць, што пачатковае в — прыстаўны гук. Назва звязана, магчыма, з колерам (шэрай птушкі) і лексемай волава (метал шэрага колеру). Варыянты вальваха, волляха могуць сведчыць пра другаснае збліжэнне з іншым словам — валлё, першасная ж форма — волʼованʼі (волава + суфікс прыметніка ‑ан). Форма волік — вынік народнай этымалогіі (параўн. бугай як назва птушкі). Няясна, ці ёсць сувязь з валіўка ’дзікая качка’ (Бяльк.), укр. валюш ’вальдшнэп’.

Валява́ха2 ’непаваротлівы чалавек’ (КЭС); ’лянівая’ (Мат. Гом.). Метафарычна з валяваха1, кантамінаванага з валяць, валяцца; параўн. валяй, валуй ’непаваротлівы, лены чалавек’.