Сумле́ў ’сумненне’ (вілен., Стан.; Янк. 3.), сумлі́ў ’няпэўнасць, недавер’ (Варл.). Адваротны дэрыват ад сумлявацца (гл. сумленне); Станкевіч (Язык, 597) лічыў форму з ‑і‑ ўкраінізмам, што не мае падстаў, паколькі яна выводзіцца з дзеяслова з “іканнем”, параўн. sumlivácca ’не давяраць’ (Варл.), сумліва́цца ’сумнявацца’ (Бяльк.) і пад.
Су́мна 1 ’наўрад’ (Мат. Гом.). Гл. сум, сумненне.
Су́мна 2 ’надта многа’ (пух., Сл. ПЗБ), сумната́ ’натоўп, гурт, вялікае мноства’, сумнаце́нне ’тс’ (там жа). Няясна; магчыма, пераасэнсаванне сумна ’страшна’ (гл. сум), г. зн. ’так многа, аж страшна’, або ўтварэнне ад сума 2 (гл.), што можа суадносіцца з балг. су́ма ’многа, маса’.
Сумне́нне ’няўпэўненасць; няпэўнасць, недавер’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. сумненье (XV ст., КГС). Укр. сумні́ння, рус. сомне́ние (з *сумнѣние, куды была ўведзена прыстаўка со‑ з ц.-слав. — Фасмер, 3, 716), стараж.-рус. сумьнѣние, польск. sumienie, ст.-польск. sǫmnienie, пазней sumnienie, балг. съмне́ние ’сумненне, падазрэнне’, ст.-слав. сѫмьнѣние ’тс’. З першаснага *sąmnienie, аддзеяслоўнага дэрывата ад прасл. *sǫmьněti ’мець сумненне, працівіцца, супраціўляцца’, параўн. укр. сумни́тися, ст.-рус. сумьнѣтися, ст.-польск. sǫmnieć się ’сумнявацца’, серб.-харв. súmnjati ’сумнявацца, падазраваць’, якое ад прасл. *sǫmьną, дэрывата ад прасл. *sъ‑mьněti ’думаць; сумнявацца, падазраваць’; гл. сум (Бязлай, 3, 31; Борысь, 586; Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 474–475). Басай–Сяткоўскі (Słownik, 350) бачаць тут кальку лац. con‑scientia — s‑umnienie. Параўн. сумна 1, гл.
Сумне́ў ’сумненне’ (Ласт., Янк. 3.; Беларусіка, 19, 230; PC, 1999, 2, 83), сумні́ў ’сумненне, нерашучасць’ (Сцяшк. Сл.; PC, 1999, 2, 83). Аддзеяслоўны назоўнік з нулявым канчаткам ад сумнявацца, гл. Формы з ‑і‑, а таксама сумніўны лічацца ўкраінізмамі (Станкевіч, Язык, 597), аднак гэтаму пярэчыць лінгвагеаграфія, гл. Пацюпа (там жа, 1151); магчыма, пад уплывам сумліў, сумліўны, гл. сумлеў.
Су́мнік ’залатацень, залатая розга, Solidago virgaurea L.’ (маг., мін., Кіс.). Параўн. укр., сму́тник ’вятроўнік, Filipendula hexapetala Gilib.’. Няясна; магчыма, з-за падабенства з вятроўнікам мае тую ж матывацыю, звязаную з даўнімі забабоннымі ўяўленнямі ці практыкамі — вытворнае ад сумны (з сум, гл.), аналагічна да ўкраінскай назвы (гл. смутак), што ўключаецца ў семантычны рад назваў раслін з падобнай матывацыяй: польск. старое tużobnik, чэш. tužebník славац. túžobník, балг. тъ́жник (гл. туга). Параўн. Махэк, Jména, 101; ЕСУМ, 5, 332. Менш верагодна ад сумна 2 ’надта многа’ (гл.), што магло быць звязана са шматлікасцю кветак (“буйная расліна з мяцёлкай жоўтых суквеццяў”, гл. Расл. св., 168) або іх шматпялёсткавасцю.
Сумнява́цца ’адчуваць няўпэўненасць, быць няпэўным, вагацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., БРС, Касп.), сумнева́цца ’тс’ (Цых.). Укр. сумніва́тися, рус. сомнева́ться, дыял. сумнева́ться, серб.-харв. су́мњати ’сумнявацца, падазраваць’, балг. съмня́вам се ’сумнявацца’. Ітэратыў да прасл. *sǫmьněti (гл. сум, сумненне) з суф. ‑eva‑.
*Сумовіны, сумо́вынэ ’змовіны’ (драг., ЖНС). Гл. змовіны.
Сумо́даць ’сумець, змагчы’ (дзярж., Нар. сл.), ’здолець, ухітрыцца’ (Кал.), сумо́наць (< *сумоднаць?) ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, прэфіксальны (з су-) дэрыват ад мадзець (гл.) з пераходам дзеяслова ў катэгорыю форм на ‑аць. Дзеяслоў сумо́наць Цыхун (Зб. Мальдзісу, 402) суадносіць з літ. sumanýti ’задумаць, узяцца за справу’, што таксама сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі. Параўн. яшчэ намо́наць (гл.).
Сумо́ўе ’зносіны, камунікацыя’. Наватвор (прыпісваецца А. Бембелю) для перадачы рус. общение (з ц.-слав.), параўн. лу́чнасць ’тс’ (Ласт.). З су- і асновы моў‑ (гл. мова) з фіналлю, аформленай паводле рускага адпаведніка (суф. *‑ьje); у выніку дээтымалагізацыі можа ўспрымацца як дэрыват ад сумаваць, сум (гл.). Параўн. народнае сумовіны, гл.
Су́мрак ’падазрэнне, дрэннае прадчуванне?’: так па душы і пашоў сумрак — пачуяла ворага (Пятк. 2), сумро́к ’змрок’ (пух., З нар. сл.). Гл. сумарак, сумарок; магчыма, формы з сінкопай (пропускам галоснага а перад р) ці пад уплывам змрок, гл.