Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Турніке́т ‘рухомая крыжавіна ў праходзе’ (ТСБМ). З рус. турнике́т ‘тс’, якое з франц. tourniquet ‘тс’ < tourniquer разм. ‘кружляць, хадзіць вакол’, ‘таптацца на месцы’, ‘круціцца’ (Арол, 4, 120).

Турні́р ‘спаборніцтва рыцараў у Сярэднявеччы, цяпер звычайна спартыўнае спаборніцтва’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (турни́р ‘тс’) з нова-в.-ням. Turnier, якое са ст.-франц. to(u)rnei ‘тс’ ад torner ‘абарачацца’ < лац. tornāre ‘паварочваючы, тачыць выраб на варштаце’ (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 683–684). Ст.-бел. турнея ‘турнір, спаборніцтва’ (XVI ст.), пазней таксама ‘беспарадак, разлад’ (ГСБМ), узыходзіць да ст.-франц. tourneoi ‘рыцарскія спаборніцтвы паводле дакладных правілаў’, а ст.-бел. турнай ‘тс’ (XVI ст.) — з чэш. turnaj ‘спаборніцтва рыцараў’, якое праз ст.-в.-ням. (turnei — баварскае вымаўленне ‑aj) прыйшло са ст.-франц. tournoi (праванс. tornei) ‘тс’ < torner ‘абарачацца, вярцецца’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Голуб-Ліер, 494; Махэк₂, 661; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401).

Турну́ць ‘прагнаць аднекуль або куды-небудзь, адагнаць’ (ТСБМ, Пас., Жд. 1, Растарг., Сержп. Прымхі, Мова Сен., Сл. ПЗБ), ‘пужнуць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘звольніць з пасады; імкліва выгнаць’ (ТСБМ, Юрч. Сін.), ‘піхнуць, папхнуць, штурхнуць каго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Жд. 1, Варл.), ту́рнуць ‘тс’ (ТС), турну́ты ‘прагнаць’ (Сл. Брэс.), турну́тэ ‘штурхнуць; хутка пагнаць’ (драг., Нар. лекс.). Параўн. укр. ту́рну́ти ‘пагнаць; штурхнуць, паслаць’, рус. турну́ть ‘прагнаць’, польск. turnąć ‘штурхнуць, выкінуць, пагнаць’, чэш. мар. turnúť ‘зыркнуць, дакрануцца’, славац. túrnuť ‘тс’, харв. чак. turnȁt ‘аддаваць’, серб. ту̏рнути ‘штурхнуць, уткнуць’, балг. ту́рна ‘паставіць, кінуць, уткнуць’, макед. турне ‘піхнуць, уткнуць, зрынуць’. Прасл. *turnǫti, суадноснае з *turati (Арол, 4, 120), гл. тура́ць, туры́ць. Параўн. Махэк₂, 661 («няяснага паходжання»).

Турнэ́ ‘падарожжа па кругавым маршруце, паход, паездка’ (ТСБМ). Праз рускую мову (турне́) з франц. tournée ‘аб’езд, падарожжа па кругавым маршруце’, якое з tourner ‘абарачаць, вярцець, круціць’ < лац. tornāre ‘тачыць на варштаце’ (Голуб-Ліер, 494; Даза, 716–717; ЕСУМ, 5, 683).

Турнэ́пс ‘рэпа, Brassica rapa L.’ (Кіс.), ‘кармавая рэпа, Brassica rapa rapifera’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), турне́пс, турнэ́т ‘тс’ (Сл. ПЗБ), турнэ́пчык памянш. ‘тс’ (віл., Лір. бел. вяселля), турне́псіна ‘адна расліна або плод турнэпса’ (Юрч. Вытв., Мова Сен.). Запазычанне з англ. turnips мн. л. ‘рэпа’: Swedish turnips ‘турнэпс’ праз польск. turneps, turnep або рус. турне́пс ‘тс’.

Туро́к1 ‘юрок або цыганчык — гульня і конусападобная цацка, якая круціцца на спічастым канцы, падганяецца маленькім (з тоненькага раменьчыка) бізунком’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, да тураць, туры́ць ‘хутка ганяць’, гл. Насовіч (644) тлумачыць паходжанне гэтага слова гукаперайманнем.

Туро́к2 ‘закавулак’ (Бяльк.), ‘тупік, вуліца паміж хатамі’ (Растарг., Пал.), ‘вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (касцюк., ЛА, 4; слаўг., ЛА, 5). Параўн. укр. дыял. туро́к ‘заліў на рэчцы’ (Чарапанава, Геогр.). Не зусім ясна. Магчыма, звязана з турыць ‘заганяць, запіхваць’, гл.

Туро́к3 ‘дзікі голуб-туркаўка, Columbia turtur’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), слова перадае крык туркаўкі (галубкі). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. таксама ту́ркаўка1, ту́рчык (гл.).

Туро́к4 ‘мядзведка, Glottotalpa vulg. hatr. ’ (Жд. 1, Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. таксама турчок, туркаўка2 (гл.). Параўн. ілюстрацыю: турок — рыжэнькі, у зямлі тырчыць, турчыць ноччу на двары (Сл. ПЗБ).

Туро́к5 ‘конік (насякомае)’ (Рэг. сл. Віц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Сюды ж, відаць, туро́к ‘жарабя’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ‘падзыўная назва жарабяці’ (Мова Сен.). Ласкальна ад назвы насякомага?

Туро́ля — мянушка каровы (мёрск., Нар. сл.). Відаць, ласкальная назва жывёлы з суф. ‑ол‑я (параўн. віц. чарно́ля ‘чорнавалосая’), утвораная ад тур1 (гл.). Параўн. турыца1 (гл.).

Туро́міна — у каляднай песні: Го‑го‑го, каза … Не хади, каза, / Па туром, туром /Па туромини (рагач., Рам. 8). Няясна.

Туро́ра ‘балбатуха’, туро́рышча, туро́рка ‘тс’ (Юрч. СНЛ). Гукаперайманні, параўн. турукаць, гл. Параўн. рус. тарара́ ‘балбатня’, торото́ра, таратора, тараторить ‘балбатаць’ (Фасмер, 4, 22).

Туро́сы ‘непраўдападобныя апавяданні’ (Растарг., 41). Параўн. укр. туроса́ ‘шум? размовы? слух?’ (Грынч.). Гл. турусы.