Ту́ркаўка1 ‘турок, птушка атрада галубоў з бурым апярэннем, Streptopelia turtur, Streptopelia decaocto’ (ТСБМ, Касп.), ‘дзікі голуб’ (ТС), ту́ркоўка ‘голуб-турок’ (Мат. Гом.), ту́рчалка ‘тс’ (там жа). Параўн. укр. ту́ркавка ‘голуб звычайны’, рус. дыял. турлу́шка, турлы́шка ‘турчаўка’, польск. turkawka і trukawka ‘тс’. Утварэнні, што грунтуюцца на перадачы буркавання турр‑турр (Дарафееў, Птушкі), польск. turr‑turr‑turr і пад., гл. туркаць1, тарчаць. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых мовах: ст.-ісл. turture, ст.-англ. turtur(e), turtla, англ. turtle, в.-ням. turtulatūba, нова-в.-ням. Turteltaube, лац. turtur і інш. (Фасмер, 4, 124; Брукнер, 585; ЕСУМ, 5, 681; Борысь, 654).

Ту́ркаўка2 ‘мядзведка звычайная, Gryllotalpa vulg. hatr.’ (Некр. і Байк., Касп., Мядзв., Скарбы, Рэг. сл. Віц.). Назва на базе гукапераймання: насякомае выдае гукі, падобныя да тур-тур: мядзведка ту́ркае (гом., Арх. ГУ); гл. наступнае слова. Сюды ж з іншай суфіксацыяй турка́ч ‘мядзведка’ (гродз., беласт., Сл. ПЗБ) і назвы насякомых: турка́ч ‘лічынка хрушча’ (Сцяшк. Сл.), ‘цвыркун’ (дзярж., Нар. сл.), параўн. польск. turkacz ‘мядзведка’, якое Брукнер (585) лічыць вытворным ад turkać, што чаргуецца з tark‑ (гл. таркаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)