Перадня 1 ’вяроўка для ўвязвання воза з сенам, саломай ці снапамі, перадоўка’ (шальч., віл., Сл. ПЗБ; рэч. Мат. Гом.; Варл.), рус. дыял. пере́дник ’тс’. Да пярэдні < перад (гл.). Аб суфіксе ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 118, параўн, яшчэ паперадня́.
Перадня́ 2, перадня́, пярэ́дня ’прарэх у кашулі’ (віл., леп., ЛА, 4). Рус. дыял. пере́дня ’каўнер жаночай кашулі’. Да пе́рад (гл.). Аб суфіксе ‑н‑я гл. Сцяцко, Афікс. наз., 165.
Перадо́й (пірядо́й) ’удой’ (Юрч. СНЛ). Да даіць (гл.), але прэфіксацыя няясная < перадаіць ’выдаіць цалкам’?
Перадо́йка ’ялавіца, якая доіцца другі год запар’ (ТСБМ; Янк. 1; Варл.; Касп., Сл. ПЗБ; карэліц., Янк. Мат.), перэ́дайка, перэ́дойка (мазыр., Нар. сл.), перэдо́йка ’тс’ (Растарг.); рус. пск., смал. передойка ’тс’. Да пера- і даі́ць (гл.).
Перадо́льшы ’старэйшы паводле ўзросту’ (Нас.), рус. смал. передольшый ’тс’. Да перад‑ і суф. ‑ольшы, параўн. таксама трок. селядо́ршы ’сярэдні’ < серадо́льшы ’тс’, магчыма, пад уплывам большы; несумненна элемент ‑ш‑ — суфікс параўнальнай ступені (Карскі 2-3, 41–42).
Перадо́ўка ’прывязаная да перадка моцная вяроўка, за якую чапляецца рубель пры ўцісканні воза з сенам, саломай, снапамі’ (Нас., Бяльк., Касп., Юрч., Мат. Маг.; бялын., Янк. Мат.; добр., ветк., Мат. Гом.), ’вяз, які звязвае галоўкі палашоў у санях (Янк. 1; мазыр., Шатал.; Сцяшк. Сл.). Рус. паўн. передовка ’тс’. Бел.-рус. ізалекса; утворана пры дапамозе суф. ‑к‑a ад перадавы́ < паўн.-слав. *perd‑ovъ (бел. перадавы́, укр. передовий, рус. передовій, перёдовый, польск. przodowy ’перадавы’).
Перадра́га, (пырыдря́га) ’непагадзь (дождж, слата, снег)’ (кам., ЖНС), рус. передря́га ’тс’. Русізм (?). Да пера- і ⁺драга/дря́га́, якое да прасл. *dręga, *dręgy < *dręgati, звязанага этымалагічна з *dŕ̻gati (рус. дёргать), *drъgati (параўн. дры́гаць) і з drъžati (усх.-маг. дрыжаць) (SP, 4, 221–222).
Перадра́за ’крыўлянне, карыкатура’ (Бяльк.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суф. ‑а (< і.-е. *‑ā), які надае назоўніку значэнне абстрактнасці (Слаўскі, SP, 1, 59–60). Да пера- і дражні́ць (гл.).
Перадра́ты ’разарваны напалову’ (Растарг.), смал. передра́тый ’тс’. Дзеепрыметнік, аформлены пад уплывам польск. przedarty ’парваны’. Да драць (гл.).
*Перадры́нне, пэрэдры́ньне, пэрэды́ньне ’загарадзь перад хлявом’, пэрэды́нне ’хлеў для жывёлы’ (Нар. сл., Сл. Брэс.). Да пе́рад і адры́на (гл.).
Перадубе́ць (пірідубе́ць) ’моцна перакалець’ (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і дубе́ць, якое да дуб (гл.). Звычайна адубець, прыстаўка пера- перадае значэнне ’цалкам, поўнасцю’.