Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тушо́нчыкі ‘смолка лугавая’ (ТС). Рэдкая назва расліны Viskaria L., звязаная, хутчэй за ўсё, з яе знешнім выглядам — ружова-чырвоным колерам кветак, што стварае ўражанне падсмаленасці («падсмажанасці»), параўн. некаторыя з яе іншамоўных назваў: укр. horyćvit, vohnyk (Макавецкі, Sł. botan.). Да тушыць1, 2, гл.

Ту́шчма ‘дармо, дарма, марна’ (Ласт.). Відаць, прыслоўе па ўзоры лежма (ляжаць), бегма (бегчы) ад дзеяслова тушчэць (гл. тушчы). На аснове прыслоўя ўтвораны прыметнік тушчы́мны ‘посны’ (Сцяшк. Сл.), які паслужыў, магчыма, узорам для нішчы́мны ‘посны, пусты’ (ад спалучэння ні з чым ‘без нічога’, гл.).

Ту́шчы ‘худы, шчуплы, пусты, парожні’ (Ласт.), тушчэ́ць ‘марнець, знясільвацца’ (там жа). Суадносіцца з тшчы ‘пусты, дарэмны’, то́шчы ‘худы, шчуплы, пусты’ (гл.) у рознай ступені вакалізму, параўн. тухнуць, тхнуць, тохнуць, гл. Разам з прасл. *tъštь ‘парожні’, літ. tùščias ‘пусты, парожні, нікчэмны’, лат. tukšs ‘тс’, ст.-інд. tucch(y)ah ‘тс’ узыходзяць да і.-е. *teus‑/*tus‑ ‘парожні, апаражняць’ (Смачынскі, 696; Борысь, 92; ЕСУМ, 5, 612; Арол, 4, 91). Сюды, відаць, і ту́шчыцца ‘засмучацца ў час наступлення хваробы’ (гор., Мат. Маг.).

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3 ‘рабіць тухлым’, тушы́цца ‘рабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Тушэ́ ‘ўдар па клавішах пры ігры на фартэпіяна’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘удар, укол у фехтаванні’, ‘прыём у барацьбе (палажыць на лапаткі)’ (ТСБМ). Праз рускую мову з франц. touche ‘дотык’, touché ‘закрануты, які атрымаў удар’, якое з toucher ‘дакранацца, чапаць’ (ЕСУМ, 5, 689; Арол, 4, 123). Сюды ж тушы́раваць ‘класці саперніка на лапаткі (у барацьбе)’, ‘падбадзёрваць лёгкімі ўдарамі дрэсіраваную жывёліну (у цырку)’ (ТСБМ).

Тушэ́тка ‘канапа’ (Сцяшк. Сл.). У выніку прыпадабнення к‑ > т‑ з кушэтка (гл.), параўн. кухталь/тухталь, гл.