Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тумені (?) ‘страмёны’: Ён з коніка на злязае, / З тумень ножак не вымае (вілен., Земляроб. каляндар, 158). Няясна, відаць, дэфармаванае z strymion (Федар 5, 679).

Ту́мкаць ‘разумець’ (слуц., Жыв. НС), ту́мкыць ‘думаць, разважаць’ (Яўс.), ‘разумець, разбірацца’ (Юрч. Фраз., Юрч. Вытв.), ‘даходзіць да сэнсу’ (мсцісл., З нар. сл.), сюды ж ту́мкнуць ‘прыйсці нечакана ў галаву (пра думку)’ (Яўс.), ту́мканне, ту́мкыньня ‘разуменне’, ‘разважанне, раздумванне’ (Яўс., Юрч. Вытв.), ту́мкыньнік ‘той, хто разумее’ (Юрч. СНЛ). Параўн. рус. ту́мкаць ‘меркаваць, разумець, думаць’. Відаць, утворана ад гукапераймання, параўн. тумнуць ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (гл.), рус. ту́мкать ‘выдаваць гукі’ (СРНГ). Як эмфатычны назалізаваны варыянт рус. ту́кать (гл. тукаць1) разглядае рус. слэнг. ту́мкать ‘цяміць’ Арол (4, 116).

Тумкачы́ ‘страва з бульбы’ (слонім., Сл. рэг. лекс.). Гл. такмачы, тукмачыць з перастаноўкай зычных.

Ту́мнуць (ту́мнуты) ‘моцна ўдарыць’ (драг., Ск. нар. мовы). Слова гукапераймальнага паходжання, гл. тумкаць. Відаць, роднаснае літ. stùmti ‘ўдарыць, штурхануць’. Параўн. таксама тума́к1 (гл.).

Ту́мны ‘мутны, няясны, матавы, без бляску’ (ТС), ‘млявы, вялы’: ена ужэ тумная пасля работы (маз., ГЧ), ту́мно ‘змрочна, няясна, мутна, туманна, цьмяна’ (ТС, ПСл; жытк., Жыв. НС), ‘хмурна’, ‘млосна’ (ЛМТ). Відаць, звязана з цьмяны (гл.), параўн. укр. дыял. тмя́ний ‘зацемнены, матавы’; ‘сумны, нудны’, што да тма ‘цемра’ (ЕСУМ, 5, 691), ст.-бел. тьма, тма ‘тс’, якія, паводле Бузука (ЗІФВ УАН, 13–14, 278), могуць чаргавацца з коранем тум‑, параўн. укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, а таксама рус. дыял. ту́мный ‘сумны, журботны’, польск. дыял. tumny ‘поўны, тлусты’ < і.-е. *tou̯m‑/*teu̯m‑, гл. роднаснае літ. tumà ‘мутнасць’, tumė́ti ‘мутнець’, лат. tumêt ‘гусцець’, ‘збірацца (пра дажджавыя аблокі)’, tumuļat ‘(пра неба) паволі пакрывацца хмарамі’ і інш., паводле Смачыньскага (694), узыходзяць да і.-е. *tu̯em‑ ‘набрыняць’.

Ту́мул ‘шум, вэрхал’ (мін., Цыхун, вусн. паведамл.), ст.-бел. тумультъ, тумултъ, тумолтъ, тулмутъ ‘гвалт, зборышча, сумятня’ (1595 г., ГСБМ, Карскі 1, 390). Запазычана са ст.-польск. tumult ‘тс’, ‘шум, гам, гоман, галас, неспакой’, якое з лац. tumultus ‘тс’, ‘бунт’ (Булыка, Лекс. запазыч., 41); мінская гарадская форма, відаць, праз ід. tuml ‘глум, галас, мітусня, вэрхал, гоман’, што да с.-в.-ням. tumel ‘шум, неспакой, зборышча’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).