Тарабу́н: рак‑тарабун ’?’ (БНТ, Жыв.). Відавочна, звязана з імітатывам *тараб!, што перадае цяжкі рух або гук (гл. тарабкаць, тарабаніць 2), ад якога пры дапамозе суф. ‑ун утвораны назоўнік.
Тарава́ты ’памяркоўны; не скупы’ (карм., ЛА, 3), ’шчодры’ (Янк. БП), тырыва́тый ’добры, шчодры’ (Бяльк.), сюды ж тарава́ціцца (торова́цицьца) ’дэманстраваць шчодрасць’, ’абяцаць; прапанаваць мала’ (Нас.). Рус. тарова́тый, торова́тый перакладаюць як ’спрытны, дасціпны; шчодры, гасцінны’ (Некр. і Байк.), ’маторны’ (Ласт.). Звязваюць з тор ’дарога, шлях; след’, тары́ць ’пракладваць след, шлях’ (гл.), што да *torъ, *toriti, роднасных да *terti (гл. церці), гл. Фасмер, 4, 84; Новое в рус. этим., 233. Да семантыкі параўн. запрато́рыць ’закінуць, падзець невядома дзе’, славен. tóriti ’рассыпаць, растрачваць’.
Тарагане́ць ’тарахцець’ (ТС), тарагоне́ть ’барабаніць, стукаць’ (Альп.), тарагні́ць ’хутка гаварыць’ (Сл. Брэс.). Параўн. серб.-харв. торо̀гоња ’крыклівая баба’. Апошняе, паводле Скока (3, 745), ад toròkati ’крычаць’ (гл. тарокаць) з няясным пераходам к > г. Гукапераймальнае, можна разглядаць як варыянт дзеяслова тыпу тарах(а)нець ’тарахцець, бразгатаць’ з азванчэннем зычнага ў інтэрвакальным становішчы, гл. тарах.
Тараґа́н ’прусак, рыжы таракан’ (лях., Янк. Мат.). Гл. тарака́н.
Тарада́йка 1 ’воз, калёсы, брычка’ (драг., Нар. лекс.), ’таратайка, лёгкая павозка’ (Байк. і Некр.), ’лёгкі летні вазок’ (Нас.), ’двухколка’ (ТС), ’воз на двух колах для выезду ў поле; стары, паламаны воз’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’разбіты воз’ (драг., Ск. нар. мовы), тарадэ́йка ’старая рэч’ (Шатал.), ’вазок’ (Касп.), ’стары, пабіты грузавік’ (Яўс.). Параўн. укр. тарада́йка ’лёгкі двухколавы вазок’, польск. дыял. taradajka, taradejka ’брычка’. Гл. тарата́йка.
Тарадайка 2 ’кошык з сасновай дранкі’ (Сл. Брэс.), ’чатырохвугольная каробка для ягад, грыбоў, зробленая з дранкі, ’двухкалёсны вазок; трашчотка’ (ТС), тарадэ́йка ’від трашчоткі’ (Др.-Падб., Стан.), ’прылада ў выглядзе шасцярні і дошчачкі, каб утвараць шум, трэск’ (Варл.), ’балбатун’ (Рагаўц., Мат. Маг.), ’балаболка’ (Шатал.), ’частушка’ (Мат. Гом.). Вытворныя ад дзеясловаў гукапераймальнага паходжання, параўн. выклічнік польск. дыял. tarada! (здагадка), taradáj ’балбатун, трапло’, taradajka, taradejka ’трашчотка; шумлівая баба’, гл. тарадахаць, тарадэіць і пад.
Тарада́хаць (тарада́хатэ) ’тарахцець, тарабаніць, стукаць’ (драг., Нар. лекс.), тарадэ́ніць ’гаварыць шмат, не да месца’ (мёрск., Нар. лекс.), тарадон ’пустабрэх, трапло’ (Барад.). Гукапераймальнае, параўн. тырайда, таранда, гл. папярэдняе слова.
Тарады́нка, ’жалезны хамуцік, які замацоўвае перадок воза’ (маст., Шатал.), тороды́нка ’тс’ (бяроз., Шатал.; драг., Жыв. сл.; Сл. Брэс.), тырыды́нка ’тс’ (драг., Жыв. сл.), тарады́нка ’жалеза, якое падбіваецца пад кола ў возе, каб яно не цёрла ступіцу’ (Варл.), тарады́нкі, трады́нкі, трады́лкі, тэрындэ́лькі ’рэхвы на калодцы кола’ (малар., Нар. словатв.). Параўн. укр. дыял. тради́нка ’жалезны хамуцік, якім мацуюцца вось, падушка і падводнікі ў возе’, польск. дыял. taradany ’рэхвы на коле каля спіц’, чэш. мар. tradlina ’бляха над воссю ў возе’. Паходжанне апошняга, паводле Махэка₂ (648), няяснае. Пра спробы этымалагізаваць на славянскай глебе гл. Бязлай, Eseji, 83; сумненні ў Сноя (Бязлай, 4, 208). Варыянтнасць назвы сведчыць пра запазычанне. Гл. тарары́нка.
Тарадэ́іць ’ляскатаць трашчоткай’ (Др.-Падб.), ’весці пустыя размовы, гаварыць шмат, не да месца’ (мёрск., Нар. лекс.; мсцісл., Нар. ск.); сюды ж тарадэ́й, тарадэ́я ’балбатун, балбатуха’ (Чал.). Параўн. польск. дыял. taradaj ’балбатун, пустабрэх’. Гукапераймальнае, у аснове выклічнік *тарада або *тарата, гл. тарадахаць, тараторыць.
Тарайда́ ’дурань’ (астрав., Сл. ПЗБ). Няясна; магчыма, звязана з папярэднім словам.
Тара́к 1 аргат. ’сыр’ (Этимология–1980, 73). Параўн. польск. аргат. tyrok ’сыр, тварог’. Звязваецца з грэч. τυρί ’сыр’ (Бандалетаў, там жа).
Тара́к 2 ’матуз, лямка’ (Шатал.). Гл. тарокі.