Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Слаката́ць ‘казытаць’ (Сержп.; браг., Нар. словатв.), слокота́ць ‘тс’ (ТС), слаката́ць, слеката́ць, слокота́ць, шлаката́ць ‘тс’ (ЛА, 3), сюды ж сло́кат ‘ласкатанне’, сло́катка ‘шлокат, козыт’, сло́катна ‘шлокатна’ (Ян.). Укр. дыял. слокота́ти, рус. зах. шлокота́ть, алан. шелокта́ть ‘тс’, чэш. дыял. loktať, lochtati, ст.-чэш. loktati побач з lektati, lechtati. Махэк₂ (325) мяркуе аб варыянтах прасл. *lokъtati, *lekъtati, *lъktati (для польск. łektati), якія ён лічыць роднаснымі літ. kuteloti і kãtulti ‘тс’, kutulỹs ‘козыт’, прычым для славянскіх слоў дапускае рад метатэз: k–t–ll–k–t; ъ–е > е–ъ, ъ–о > о–ъ. Застаецца пытанне аб анлауце ўсходнеславянскіх слоў. Фасмер (4, 424) рус. шелоктать утварае ад экспрэсіўнай прыстаўкі ше‑ і слова, блізкага да лоскотать (гл. ласкатаць). Відаць, таго ж прыставачнага характару с‑ і ш‑. Гл. яшчэ ляхотна. Усе прыведзеныя формы сведчаць, што і корань гэтых слоў, насуперак Махэку, вызначыць цяжка, паколькі яны зазналі розныя экспрэсіўныя змены (к–х–ск) і ўплыў іншых слоў, параўн. макед. скокотка ‘ласкатаць’. Для беларускага слова не выключана метатэза з ласкатаць (гл.).

*Слакі́та, слокі́та ‘непагадзь, слота’ (івац., Нар. сл.). Відавочна, аднакарэннае з рус. сля́коть, асабліва параўн. рус. дыял. сляки́ша ‘слота’, ‑о‑, магчыма, пад уплывам слота (гл.). Мае паралелі ў серб.-харв. сле̏ка ‘марскі праліў’, польск. śląkwa ‘дажджлівае надвор’е, снег уперамешку з дажджом’, śląknąć ‘прамакаць’; слав. словы параўноўваюць з літ. sliñkti, slenkù ‘паўзці, выгінацца’, slankė ‘сыпучы пясок’, slinké, ‑éju ‘спаўзаць’ (гл. Фасмер, 3, 682).

Сла́лам ‘скарасны спуск на лыжах з гары па спецыяльнай трасе’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. сла́лом ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80), якое з нарв. slalom ‘лыжня з невялікім ухілам’ (Трубачоў-Фасмер, 3, 666; ЕСУМ, 5, 295).

Сла́нец1 ‘лён, які сцелюць у процілегласць мочанаму’ (ТСБМ, Жд. 2; дзісн., Яшк. Мясц.), слане́ц ‘тс’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.), сланцы́ ‘маніцы’ (мядз., Нар. сл.). Да слаць2. Аналагічна рус. стла́нец, сла́нец, сла́нцы ‘лён і маніцы, якія сцелюць пад дождж і расу’.

Сла́нец2 ‘горная парода, якая мае слаістую будову’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сла́нец ‘тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73). Рус. слова з *стьланъ: стелю, стлать (Фасмер, 3, 666), таму што гэта парода ляжыць пластом (Праабражэнскі, 2, 387).

Слане́ц ‘слонка, вальдшнэп’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Утварэнне ад запазычанага слонка (гл.), відавочна, ужо на беларускай глебе з суф. ‑ец.

Слане́чнік ‘расліна Heliantus L.’, ‘насенне гэтай расліны, якое ядуць як ласунак’, дыял. сланэ́чнік, сланэ́шнік, слано́шнік, сло́мачнік ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Кіс., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС, Інстр. 1, Жыв. сл.), ‘дзевясіл, Inula helenium L.’ (Касп.). З польск. słonecznik, słoniecznik < słonce ‘сонца’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 59), таму што расліна паварочвае галоўкі за сонцам; калька лац. навуковай назвы, якая ад грэч. ἥλιος ‘сонца’; гл. Махэк, Jména, 243.

Слані́на ‘саланіна’ (Касп.), ‘свіное сала’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ‘сала; тоўстае сала’ (Сл. Брэс.), ‘доўгі тоўсты кусок сала’ (Сл. ПЗБ). З польск. słonina ‘свіное сала’ (Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 10), што да соль (гл.), г. зн. ‘салёнае верхняе свіное сала’, параўн. саланіна ‘тс’ (< прасл. *solnina), гл.

Слані́ць ‘хіліць; прыстаўляць’ (Нас., Ласт.), слані́цца ‘хіліцца, прыхіляцца, адхіляцца’ (Нас., Ласт.), часцей з прыстаўкай: заслані́ць, прыслані́ць, сланя́ць ‘хістаць, вадзіць у бакі’ (ТСБМ), сланя́цца ‘хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты)’, ‘злёгку хістацца’ (ТСБМ, Сержп.), ‘хістацца’ (воран., Сл. ПЗБ, Варл.) — ітэратыў да зваротнай формы, як і рус. слоня́ться (КЭСРЯ, 415). Укр. слони́ти ‘сшываць дзве паловы штаноў у хаду’, слоня́тися ‘сланяцца; ісці няцвёрдай хадой, пакачвацца’, рус. дыял. слонить ‘прыстаўляць’, ‘сшываць кускі тканіны буйнымі шыўкамі’, заслони́ть, прислони́ть, польск. słonić, słaniać się, в.-луж. zasłonić, чэш. sloniti, cloniti ‘засланяць’, славац. sloniť, cloniť, серб.-харв. засло́нити, славен. slonéti ‘абапірацца, прыхіляцца’, балг. заслоня́. Прасл. *sloniti параўноўваюць з лат. slenêt ‘біць, калаціць’, slànît ‘накідваць; біць’, ст.-інд. śráyatē ‘прыхіляецца’, śráyati ‘прыстаўляе, накладвае’, далей з літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лац. clīno, ‑āre ‘нахіляць, гнуць’ і інш., якія да і.-е. кораня *k̂lei‑, *k̂loi‑, *k̂li‑ ‘хіліцца, прыхіляцца’. Гл. Брукнер, 500; Фасмер, 3, 675; Махэк₂, 556; Фрэнкель, 1004; Шустар-Шэўц, 1306, 1737; ЕСУМ, 5, 308. Варбат (Этимология–1972, 44) разглядае *sloniti як каузатыў да *slęnǫti ‘дасягнуць, прыстаць’.

Сланы́ ‘козлы (для пілавання бервяна на дошкі)’ (ашм., Яшк. Мясц.). Хутчэй за ўсё, да папярэдняга слова (гл.) або да слон ‘лава’ (гл.).

Сланя́цца. Гл. сланіць.