Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ме́сці, месьці́, мясьці́ ’падмятаць’, ’з сілай гнаць, кружыць снег’ (ТСБМ, Касп., Яруш., Сл. ПЗБ. ТС; міёр., З нар. сл.). Укр. мести́, рус. мести́, польск. mieść, н.-луж. mjasć, в.-луж. mjeść, чэш. mésti, славац. miesť, славен. mẹ́sti, серб.-харв. мѐсти, макед. мете, балг. мета, ст.-слав. мести. Прасл. mesti (< metti), роднаснае да metati > мятаць (гл.). Дакладнымі адпаведнікамі агульнаслав. лексемы з’яўляюцца: літ. mèsti ’кідаць, шпурляць’, ’пакінуць’, ’снаваць’, лат. mest ’кінуць’, ст.-прус. metis ’кідок’, лац. mittō, mittere ’тс’, ’выпускаць’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 611; Махэк₂, 361; Фрэнкель, 422; Бязлай, 2, 179; Шустар-Шэўц, 12, 926–927). Гл. мятаць2.

Ме́сціць ’змяшчаць’ (Нас.), мясці́ць ’тс’ (ТСБМ, Др.-Падб.), ме́сціцца ’змяшчацца, садзіцца’ (Нас.), ’умяшчацца’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Ст.-рус. мѣстити (XII ст.), мѣститися ’тс’. Да ме́ста1.

*Месь, мі͡эсь (ж. р.) ’месца’ (асіп., Буз.). Да ме́сца (гл.). Аб мене сʼцʼ > сʼ гл. Карскі, 1, 356.

Месяндзовы ’медны’, ’жоўтага колеру’ (Інстр. II, Булг., Жд. 1). Да масянжовы < масенж (гл.). Пачатковае ме‑ пад уплывам лексемы месяц у сувязі з колерам месяца, падобным да бронзы.

Ме́сяц, ме́сіц, ме́сец, ме́січык, ме́сячка, ме́сячак, ме́сячко, ме́сечык, ме́січак, ме́сечок, ме́сячык, ветк. ме́сячка, стол. мі́сац, драг. мі́сяц(ь) ’планета, найбліжэйшая да Зямлі’, ’12‑я частка астранамічнага года’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ, Кліх, Янк. 1, Бяльк.; бых., Янк. Мат.), ’рагалік на вясельным караваі’ (Маш.). Укр. мі́сяць, рус. ме́сяц, польск. miesiąc, н.-луж. mjasec, в.-луж. měsac, чэш. měsíc, славац. mesiac, славен. mẹ̑sec, серб.-харв. мје̏сец, макед., балг. месец, ст.-слав. мѣсѧць. Прасл. měsęcь, якое, паводле Махэка₂ (360), мела значэнне як ’месяц-свяціла’, так і ’месяц (30 дзён)’. І.‑е. *mēs‑ (< *mēns‑): літ. mė́nuo, mė́nesis, лат. mēnesis ’месяц’, mēness ’30 дзён’, ст.-прус. menins ’свяціла’, гоц. mēna ’тс’, mēnōþs ’30 дзён’, лац. mēnsis ’тс’, ст.-грэч. μήν ’тс’, іян., ат. μείς < *μενς < μηνς, дар. μής ’тс’, μήνη ’свяціла’; алб. muai, ірл. , ст.-інд. mās‑ (mā́sas) ’месяц’, авест. , новаперс. māh, тах. A mañ, тах. B meñe, арм. amis ’месяц’. Слав. měsęcь разглядалася этымолагамі як аснова mē‑, пашыраная элементамі ‑n‑ і ‑es‑ (як у балт. мовах), якая прысутнічае ў лексеме мера (měra): месяц мерае час. Суфікс *‑ko‑ (> ‑ьcь) у *měsenьcь той жа, што і ў лексемы sъlnьce, і ўся лексема носіць табуістычны характар (задобрыванне). Гл. Бернекер, 2, 51; Траўтман, 179; Шпехт, KZ, 66. 53; Мее, 336; Фасмер, 2, 608–609; Скок, 2, 437–438; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 755–756. Развадоўскі (Rozprawy, 25, 425) прапануе прыняць першапачатковае значэнне ’які мяняецца’ і выводзіць лексему měsecь з і.-е. асновы *mei̯‑/*moi̯‑ ’мена’. Непераканаўча. Як і Трубачоў (ВЯ, 1980, 3, 5), які выводзіць з і.-е. *menyos ’менш’. Атрэмбскі (Балто-слав. сб., 186–192) лічыць, што слав. měsęcь і балт. mė́nuo з’яўляюцца варыянтамі аднаго і таго ж славяна-балтыйскага слова (< і.-е. *mē(n)s).

Ме́сяц2 ’від танца’ (кап., Жыв. сл.; Інстр. III). З рус. ме́сяц з назвы песні «Чудный месяц», на матыў якой танец выконваўся.

Ме́сячка, ме́сечка ’гатунак бульбы’, ’радыска’ (Мат. Гом., Ян.; лельч., Жыв. сл.). Да ме́сячны < месяц1 (гл.): гэтыя культуры вырастаюць у месячны тэрмін.

Ме́сячнік1 ’прыгонны селянін, які атрымліваў штомесячную натураплату ад памешчыка’ (ТСБМ). Да ме́сячны < ме́сяц1 (гл.). Параўн. ме́сячна ’штомесячна’ (Ян.).

Ме́сячнік2 ’месячны адрэзак часу, прызначаны для правядзення якога-небудзь грамадскага мерапрыемства’ (ТСБМ). З рус. месячник ’тс’.

Ме́сячнік3 ’лунацік’ (іўеў., Сл. ПЗБ). З ме́сячны, параўн. ст.-рус. мѣсячный ’тс’ (пач. XIV ст.). Не выключана і пасрэдніцтва польскай мовы. Параўн. польск. miesięcznik, miesięczny ’тс’. Устарэлай формай у суч. чэш. мове лічыцца měsičník ’тс’. Параўн. і серб.-харв. mjesečanin, mjesečnjak.

Ме́сячына ’натураплата, якую штомесяц выдаваў памешчык беззямельным прыгонным сялянам’ (ТСБМ). Яшчэ ст.-рус. мѣсячина (X ст.), серб.-харв. mjesečina ’тс’. Да ме́сяц1 (гл.) > ме́сячны.