Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мара́ць, мыра́ць, мара́тэ ’пэцкаць’ (Федар. 6, Шат., Бяльк.; драг., КЭС; мін., Сл. ПЗБ), мара́ты ’брудны’ (бяроз., Шатал.; драг., Нар. лекс., Нар. словатв.). Укр. мара́ти, польск. marać, в.-луж. marać, mórać ’тс’, н.-луж. maraś ’плявузгаць брыдоту’. Роднасныя і.-е. адпаведнікі: літ. moraĩ ’цвіль’, apmorýti ’плеснець’, лат. morgât ’пэцкаць’, арм. mrayl ’цёмны’, ’хмара’, ст.-грэч. μορύσσω, алб. përmjér ’мачуся’. Да і.-е. *mor‑(u‑) (Бернекер, 2, 18; Сольмсэн, Зб. Ягічу, 576; Траўтман, 169; Фасмер, 2, 572; Бязлай, 2, 168).

Марва́ ’адходы ад воску’ (віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. мерва́ ’пачассе’. Балтызм. Параўн. літ. marvà ’ўсякае смецце’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 32).

Маргаві́ца ’маланка’ (лоеў., ДАБМ, к. 311; Ян.). Балтызм. Параўн. літ. mirgė̃ti ’мігаць, мігцець’, mar̃guoti ’тс’, лат. mir̃gu, mir̂dzêt ’пералівацца, бліскаць’. Суфікс аформлен, як у лексемы бліскавіца.

Маргазіць (безас.) ’імжэць’ (в.-дзв., Анім.). Балтызм. Параўн. лат. mārga ’тс’, mirdzinât ’ісці (пра ціхі дождж)’.

Марга́йка, маргойка ’стракатая свойская жывёла’ (Вяржбоўскі, дыс.). Літуанізм. Параўн. літ. margóji ’тс’ (там жа, 510; Лаўчутэ, Балтизмы, 80).

*Маргалі́, зэльв. маргале́ ’мітусенне, «зоркі» ў вачах’ (Жыв. сл.). Да марга́ць ’міргаюць’.

Марга́ль ’баран-вытворнік’ (браг., Шатал.). Да марка́ль (гл.).

Марганцоўка ’крышталі або раствор марганцавакіслага калію’ (ТСБМ). З рус. разм. марганц́овка ’тс’, якое да ма́рганец < ням. Manganerz < італ. manganese ’тс’ — скажонае лац. Magnes ’магнесійскі, з горада Magnēsia’ (Праабражэнскі, 1, 510; Фасмер, 2, 572; Голуб-Ліер, 301; Крукоўскі, Уплыў, 89).

Маргары́н ’харчовы тлушч — сумесь алею і жывёльных тлушчаў’ (ТСБМ). З рус. маргари́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якое са ст.-ням. Margarin < франц. margarine < ст.-грэч. μάργαρον, μαργαρίτος ’перл, жэмчуг’, да якога маргарын падобны колерам.

Маргары́тка ’стакротка многагаловая, Beilis perennis L.’ (гом., маг., мін., Кіс.; ТСБМ). З рус. маргари́тка ці з польск. margarytka ’тс’, якія з франц. marguerite ’тс’, ’рамонак’, ’жэмчуг’.