Марка́ль, морка́ль ’баран-вытворнік’, (зневаж.) ’чалавек, які гаворыць непрыемным хрыпатым голасам’ (Янк. 1, Некр.; хойн., рэч., Мат. Гом.; мазыр., лун., Шатал.; Ян.). Складае бел. паўд.-слав. ізалексу: серб.-харв. мр̏каљ ’казёл’, ’баран’, балг. мъркалец ’баран’; лексемы ўтвораны ад дзеяслова серб.-харв. мр́кати (се), мр̏кати, омркати ’спарвацца (пра козы, авечкі, рыбы)’, ст.-слав. мръкати ’тс’, ’бляяць’. Паводле Скока (2, 467), тут у наяўнасці першабытнае гукаперайманне, якое пазней стала пастухоўскім тэрмінам для выражэння coitus авечак і коз. Казлова (БЛ, 21, 59) адносіць лексему да прасл. mъrkalь ’баран’. Гл. таксама маркач. Сюды ж, відавочна, і прозвішча Мархель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)