Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лы́скаць ’смяяцца’ (раг., Мат. Гом.), ’біць’, ’піць’, ’трэскаць’, ’кідаць позірк’ (Юрч., ТС). Уваходзіць у групу лексем з коранем *luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑ (гл. Куркіна, Этимология–72, 68–73). Да луза́ць (гл.). Слаўскі (5, 421–422) адносіць польск. łyskać ’блішчаць, зіхацець’, славац. liskac śe, укр. лискати, серб.-харв. ли̏скати ’тс’, славен. lískati ’паліраваць’, lískati se ’блішчаць’ да прасл. lyskati, якое з’яўляецца ітэратывам да lъskati, lъsknǫti, lъščati. Гл. лы́зіцца.

Лысман ’той, у каго лысіна’ (брэсц., Нар. лекс.; Сцяшк. Сл.), н.- і в.-луж. łysman ’бык з белай лысінай’, зах.-в.-луж. hłupy łósman ’дурны’. Да лы́сы (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 116), Карткі (2–3, 69). Гл. таксама лы́зіцца.

Лысма́чкі ’лісіцы’ (нараўл., Мат. Гом.). З ⁺лісава́чкі, якое з ⁺лісава́ты ’рыжы’, параўн. польск. lisowaty ’бялявы, рудаваты, рыжы’, каш. ləsovatï, ləsatï, рус. арханг. лисавка ’рыжавалосая дзяўчына’. У лексемы ⁺лісавачкі ацвярдзела л‑, выпала ‑а‑ перад ‑в‑, а ‑в‑ перайшло ў ‑м‑ (у выніку зяцямнення формы).

Лысну́шкі ’яблыкі з дзічкі’ (Касп.). Да лес (гл.). Утворана ад лясны і суфікса ‑ушк‑і. Параўн. барыс. лясоўка ’дзікая яблыня’ (Сл. ПЗБ). Ацвярдзенне л‑ адбылося пад уплывам лысы (дзікія яблыкі могуць мець крапінкі-лысінкі).

Лыст ’гліст’ (бяроз., Выг.), драг. лэ́стэ. Да гліст (гл.).

Лыста́ ’шпар’ (Бяльк.). Да + ліства > ліштва (гл.), параўн. ням. Leiste ’круг, кант’, ’шляк, аблямоўка’. Слаўскі ж (5, 429) адносіць лексему лыста́ да паўн.-слав. lysta ’галёнка’. Аднак Ондруш (Slavia, 46, 423) указвае, што прасл. lystъlysta) мела першаснае значэнне ’дошка’, а другаснае — ’косць, галёнка’.

Лысу́н ’млекакормячая жывёліна атрада ластаногіх, Phoca groenlandica’ (ТСБМ). Укр. лису́н, рус. лысу́н ’тс’, ’лысы’, польск. łysun ’від дзікай качкі’, ’гатунак бульбы’, чэш. мар. lysoun ’лысы’. Прасл. паўн. lysunъ (Слаўскі, 5, 430–431). Да лы́сы (гл.).

Лысу́ха ’балотная птушка атрада пастушковых з шаравата-чорным апярэннем і голым ярка белым участкам скуры на лбе, Fulica atra’ (Анік., Дразд., ТСБМ); лысоха ’тс’ (гом., Мат. Гом.; Федз.–Доўб.). Да лы́сы (гл.). Параўн. лы́ска. Булахоўскі (Вибр. пр., 3, 221) прыводзіць іншыя ўсх.-слав. назвы гэтай птушкі: лысена, лысана, лыс.

Лы́суха ’высокае месца, дзе нічога не расце’ (малар., Нар. лекс.), ’неўрадлівая пясчаная глеба’ (івац., Жыв. сл.; пруж., КЭС), лысу́ха ’абложная зямля’ (светлаг., петрык., ДАБМ; паўд.-мін., Лемц.). Да лы́сы (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 124).

Лы́сцягі ’лыткі’ (Сцяц.), ’сцёгны’ (слонім., Жыв. сл.), лысцяі́ ’ногі’ (слонім., Сцяшк.). Укр. ли́ста, закарп. листь ’лытка’, рус. лы́сто, ст.-рус. лысто ’галёнка’, ц.-слав. лысто ’тс’; польск. łysta, łystawka, lystówka ’лытка’, мазав. ’панчохі на ўсю нагу без ступні’, ст.-польск. łyst ’лытка’, славац. lysta ’галёнка’, lyst, серб.-харв. ли̑ст ’лытка’, серб.-харв.-ц.-слав. листо ’тс’, макед. лист, листо ’тс’, с.-балг. лысто ’галёнка’, лыстъ ’лытка’. Прасл. дыял. lystъ/lysto/lysta, якія з першасных lyd‑tъ/lyt‑tъ (Слаўскі, 5, 428–429). Далей этымалогію гл. лытка. Суфікс ‑яг‑і, відавочна, з’яўляецца працягам прасл. ‑ęg‑. Гл. яшчэ Ондруш (Slavia, 1977, 4, 423).

Лы́сы, лы́сый, лэ́сы ’які мае лысіну, белую пляму на лбе’, ’голы, пазбаўлены расліннасці’ (Нас., Багд., Булг., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. лысый ’тс’, драг. лэ́сы ’назва танца’ (Нар. словатв.), лысько ’лысы чалавек’ (ТС). Укр. ли́сий, рус. лы́сый, польск. łysy, луж. łysy, чэш., славац. lysý, славен. lȋs, серб.-харв. ли̑с, макед. лис ’тс’, балг. лис ’тс’, ’светлаваты’. Прасл. lysъ ’пазбаўлены валасоў, голы’, ’без расліннасці’, ’светлы, ясны, бліскучы, з белай плямай’ (Слаўскі, 5, 431–433), якому адпавядаюць: літ. lū́šis, лат. lũsis, ст.-прус. luysis ’рысь’, ст.-грэч. λύγξ, ст.-в.-ням. luhs ’тс’, ст.-інд. rúśan, rúśant‑ ’светлы, белы’, арм. lois ’святло’, lusin ’месяц’, lusn ’бяльмо’, — і.-е. *leu̯kʼ‑ (паралельнае да leuk‑ ’свяціць’, ’светлы’), якое пад уплывам экспрэсіўнасці (Махэк₂, 345) падоўжыла карэнную галосную ў ‑ū‑ > ‑y‑. Такім чынам, першасным было значэнне ’белая пляма’, а ’голы’ — другаснае. Роднаснае да луч, лучына, луна (гл.) (Фасмер, 2, 542; БЕР, 3, 418–419; Шустар-Шэўц, 11, 793; Бязлай, 2, 143). Сюды ж лысаты, лысаваты ’чалавек з лысінай’, ’жывёла з белай плямай’ (Нас., ТСБМ).