Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лы́га1 ’лгун, брахун’ (гародокск., Нар. лекс.), ’п’яніца, дармаед, бывалы чалавек’ (Федар. 4), лыга́ч, лы́гма, лыгу́н, лыгма́р ’ілгун’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; Сцяшк.; Сл. паўн.-зах., КЭС), ’памаўза, шкоднік’ (ТС), лыгаць ’ілгаць’ (лід., карэліц., Сл. ПЗБ), ’маніць, гаварыць няпраўду’ (Сцяшк.), лы́жы ’хлуслівы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. лы́га, лыга́н ’манюка’, ст.-рус. лыжа ’памылковая звестка’ (пач. XVII ст.), рус. лыга́ть, польск. łygać, каш. ləgác, славац. lyhať ’тс’, ц.-слав. облыгати ’абчарняць’. Прасл. lygati — ітэратыў з падаўжэннем вакалізму кораня ад lъgati > ілга́ць (гл.).

Лы́га2 ў выразе лыгу даць ’уцячы’ (Грыг.), ’лытка’ (петрык., Мат. Гом.), ’нага’ (капыл., Жыв. сл.; карэліц., Сцяшк. Сл.), лыгі ’ногі’ (навагр., Нар. словатв.), лы́гі ’тс’ (ТС), ’доўгія ногі’ (Бір. Дзярж.), лы́гі ’тоўстыя ногі’ (Шат.), ’доўгія, тонкія ногі’ (Янк. 3.; клец., Нар. лекс.), лы́гаць ’павольна ісці’ (ТС), ’бадзяцца’, ’дарэмна траціць час’ (Шпіл.), лы́гацца ’часта хадзіць або ездзіць туды-сюды’ (стаўб., Нар. сл.), Рус. пск., цвяр. лы́ку даць ’уцячы’, укр. ли́ги дати ’пабегчы’, лигону́ти ’спешна пабегчы’, рус. уладз., валаг. лыды ’доўгія ногі’, варон. ’ногі’, урал., перм. лыдка — ’даўганогі чалавек’, польск. łyda < łydka ’лытка’, славац. lida ’сцягно’. Паўн.-слав. lyda (Слаўскі, 5, 388) з менай д > г пад уплывам лексемы нага́. З прычыны экспрэсіўнасці ў некаторых гаворках г > ґ. Да лы́тка (гл.). Сюды ж лыгнуць ’выцяць, сцебануць’ (Бяльк.).

Лы́га3 ’віка’ (Жд. 1, Касп., Сл. Эп.-Шып.; маладз., Шчарб.; зэльв., Жыв. сл.), ’сумесь вікі і гароху, пасеяныя на корм жывёле’ (Сцяшк. Сл.). Польск. радзынск., падляш. łyga ’дзікі гарошак’, люблінск. łužyšýńi ’парасткі гароху’. З ві́ка > вы́ка > выґа > łyga > лыгa.

Лыга́ць ’глытаць’ (Сцяшк.; свісл., Шатал.; Нар. Гом.), лыґа́ць ’тс’, лыгну́ць ’глынуць’ (свісл., беласт., Сл. ПЗБ), ’прагна выпіць’ (Ян.), лыґнуць, лыгену́ць ’грызнуць’, лыгам ’залпам’ (Сцяшк. Сл.), лы́гаць ’хутка, спяшаючыся есці’ (Бяльк.), ’есці (пра гусей)’ (Сцяц.), ’хлябтаць, лыкаць’ (ТС). Укр. лига́ти ’прагна піць, есці’, лигону́ти ’хлябтаць вялікімі глыткамі’, лигнути ’тс’, ’жэрці’; польск. łygać ’глытаць’ (паводле Слаўскага, 5, 392 — запазычанне з укр. мовы), чэш. мар. łygať, славац. ligac ’тс’. Прасл. паўн. lygati, якое з’яўляецца варыянтам прасл. lykati — ітэратыва да lъkati, lъknǫti > лкаць (гл.).

Лыга́ць2 ’нанізваць што-небудзь на шнурок, дрот’ (ТСБМ), ’браць на повад (карову, вала), начэпліваць вяроўку на шыю жывёле’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; мазыр., З нар. сл.), лыгво ’налыгач на шыі вала’ (ельск., КЭС), ’вяроўка, на якую бяруць карову’ (мазыр., З нар. сл.). Укр. лига́ти ’накідваць вяроўку на рогі вала’, поли́гатися ’сыйсціся’, залига́ти ’завязваць, зблытваць’, рус. сарат. лигози́ть ’блытаць ніткі пры тканні’. Генетычна роднаснае да літ. laigõnas ’швагер’, ст.-грэч. λοιγωντίαν φρατρίαν (Гесіхій), а таксама з польск. liga ’вяроўка, шнур, якім абшываецца край ветразя (у плытагонаў)’, якое запазычана з н.-ням. līk (гальштынск. liek, гал. lijk ’тс’) — гл. Слаўскі, 4, 250. Да і.-е. *lieg‑//*leig̑‑, параўн. лац. ligāre ’звязваць, прывязваць’, алб. lith ’перавязваю’, с.-н.-ням. līk ’павязка’, ст.-ісл. lík ’ліна для ўмацоўвання грузаў’ (Бернекер, 1, 717; Фасмер, 2, 494; Трубачоў, Проспект, 59).

Лыгма́ніць ’маніць, дурыць, абдурваць’ (пруж., Нар. словатв.), ’нагаворваць, паклёпнічаць’ (карэліц., Шатал.). Да лы́га1. Утворана ад ⁺лыгман ’манюка’. Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54).

Лыго́ўка ’луг для мыцця бялізны’ (Шат.). Відаць, да луг3 (з пераходам у > ы), аднак, беручы пад увагу балг., банацк. ли́га ’адцэджаная вада з хатняга мыла’, можна дапусціць сувязь бел. лексемы таксама і з польск. варш. ligać się ’слізгацца’, серб.-харв. ligùrati ’ездзіць на санках’, макед. лизга се ’коўзацца’, лизгач ’канькабежац’, лига і балг. лига ’сліна’, ’слізь’, якія да прасл. liga < і.-е. *(s)lei‑g‑ ’слізкі, ліпкі’ (БЕР, 3, 392–393; Слаўскі, 4, 250; Бязлай, 2, 139–140).