Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лык1 ’лік’ (Булг.) з тыповым для цэнтральнага Палесся пераходам і > ы. Да лік (гл.)

Лык2 ’глыток’ (Нас., Гарэц., Дразд.; трок., Сл. ПЗБ), лык‑лык‑лык ’пра піццё нагбом’ (мсцісл., Нар. лекс.), лык‑лык — перадача гуку пры глытанні (трок., шальч., Сл. ПЗБ), лыку і лыку (гарэлачку) — пра папіванне гарэлкі (Нас.). Укр. лик, польск. łyk, серб.-харв. чарнагорск. lik ’імгненне, момант’. Аддзеяслоўныя ўтварэнні. Да лы́каць (гл.). Параўн. таксама драг. клыка́тэ ’глытаць’. Кюнэ (74) памылкова адносіць лексему лык да ліку запазычанняў з польск. мовы.

Лык3 ’палоска лубу з карой’ (брасл., Сл. ПЗБ). Да лыка (гл.).

Лы́ка1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja lika ’бружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

*Лыкава́ты, лыкова́тый ’нятлусты (пра сала, мяса)’ (лун., Шатал.). Да лы́ка1. Матывацыя: ’валакністы, жылісты, падобны цвёрдасцю да лыка’, як тураў. лыкова́ты ’мачалісты’.

Лыка́вы конь — які грызе жолаб ці жэрдкі, калі ў яго арганізме адсутнічаюць некаторыя вітаміны і мікраэлементы’ (шальч., Сл. ПЗБ). Польск. łykawy (аб жывёлах) ’які ўпускае шмат паветра ў стрававод і, сілячыся, не можа глытаць траву’, мар. glgavy hřibě ’лыкавае жарабя’. Магчыма, паланізм. Да лы́каць ’глытаць’.

Лыкаўе́ц ’месца ў полі, дзе дзяруць лыкі’ (Бяльк.). Да лыка1 (гл.). Першапачаткова гэта лексема азначала ’ліпа’, таму лыкаўец — ’ліпняк’ (Сцяцко, Афікс., наз., 101).

Лы́каўка1 ’лясная птушка, якая выдае гук «лык-лык»’ (Гарэц.). Гукапераймальнае.

Лы́каўка2 ’ключыца’ ў сказе: Схуднеў, што аж лыкаўкі выперліся (Бяльк.). Няясна. Параўн. польск. łykawka ’кадык’, якое з łykawy ’які глытае’.

Лы́каць ’піць што-небудзь шумнымі глыткамі’, ’хлябтаць’, ’прагна піць’ (Яруш., Нас., Гарэц., Касп., Сцяшк., ТСБМ; КЭС, лаг.), лыка́ць ’тс’ (Сцяшк.), лы́каті ’тс’ (Бес.). Укр. ли́кати, лика́ти, рус. смал. лы́кать, польск. łykać, lǝkac і прэфіксальныя формы, чэш. ‑lykati, ляш. łykač, славен. lȋkati ’тс’. Прасл. lykati — ітэратыў да lъknǫti, lъkati (Слаўскі, 5, 396–398; Скок, 2, 299). Гл. таксама лкаць.

Лыкта́ць ’хлябтаць па-сабачаму’ (Грыг.). Да лактаць (гл.).

Лы́кус ’п’яніца’ (Нас.). Да лыкаць (гл.). Аб суфіксе ‑ус гл. Сцяцко (Афікс. наз., 70).