Лыс 1, лысь ’ліс’ (Клім., Дразд.), лысу́к, лысю́к ’маленькае лісянё’ (Дразд.). Да ліс (гл.). Аб другасным ацвярдзенні л‑ гл. Карскі (1, 316–317).
Лыс 2 ’назва быка з лысінай на галаве’ (КЭС, лаг.), лы́са ’карова з белым ілбом’ (Клім.), параўн. в.-луж. łysa ’назва лысай каровы’, чэш. lysa ’карова з белай лысінай’, славац. lyska, славен. lisa ’белая лысіна ў жывёлы’. Да прасл. lysъ > лы́сы (гл.).
Лыса́к ’гультай’ (Мат. Гом.). Роднаснае да пск., цвяр. лыскать ’ухіляцца ад справы, пазбягаць працы’, ’швэндацца, бадзяцца’, ’бегаць, шукаць’, лыскану́ть ’шмыгнуць’. Да асновы lysk‑/lusk‑/lyzg‑/luzg‑ (гл. лузаць). Больш падрабязна гл. Куркіна (Этимология–72, 68–73).
Лы́сгабрусь ’хоць бы што’ (Бяльк.). Няясна. Мусіць, з лысы Габрусь. Параўн. выразі да й не лы́сы ’які бестурботна паводзіць сябе’ (Нас.).
Лы́сікі ’бульба ў мундзірах, носік якой зразаюць, каб зайшла соль у бульбу пры гатаванні’ (Ян.). Да лы́сіць (гл.).
Лы́сіна ’месца на галаве, дзе вылезлі валасы’, ’белая пляма на лбе некаторых жывёл’, ’праталіна’, ’невялікая палянка сярод лесу’, ’пустыя мясціны на сенажаці’, ’голае месца сярод пасеваў, няўзыдзены пасеў’, ’месца, дзе качаўся конь’ (ТСБМ, Яруш., ТС, Бяльк., Выг., Янк. 3., Яшк., Сл. ПЗБ; міёр., Нар. словатв.; хоц., Шатал.). Укр. ли́сина, лисина́, рус. лы́сина, польск. łysina, каш. łësëna ’лысая гара’, чэш., славац. lysina, серб.-харв. лѝсина, балг. лисина́. Прасл. lysina, утвораная ад прыметніка lysъ > лы́сы (гл.) (Слаўскі, 5, 417–418). Аб суфіксе ‑ін‑а гл. Слаўскі (SP, 1, 120–123), Сцяцко (Афікс. наз., 107–108).
Лысіня́тка ’ласяня’ (карм., Мат. Гом.). Да лось (гл.).
Лы́сіца 1 ’птушка лысуха, Fulica atra’. Да лы́сы (гл.). Птушка мае на ілбе белую лысіну. Гл. яшчэ лыска, лысоха ’тс’.
Лы́сіца 2 ’неўрадлівае поле’ (калінк., Выг.), ’непакрытае расліннасцю месца’ (маг., мін., Лемц.). Да лы́сы (гл.). Параўн. і лысіна ’тс’.
Лы́сіцца ’лашчыцца’ (светлаг., Мат. Гом.). Да ліс > ліса́вы ’ласкавы’ (гл.). Параўн. таксама палес. лыс 1, лісі́цца.
Лы́сіць ’скрэбці бульбу збольшага, не поўнасцю’, ’збольшага абчэсваць бервяно, рабіць лысіны’ (докш., Мат. Янк.; Янк. 3.), ’кепска рабіць што-небудзь’ (в.-дзвін., Шатал.), лы́сыты ’рабіць зарубкі на ствале дрэва’ (кобр., Жыв. сл.). Рус. лысить ’рабіць лысым’, ’знімаць кару з дрэва, ачышчаць жэрдкі для агароджы’, лыситься ’праясняцца’; польск. łysić się ’рабіць лысым, голым’; чэш. lysiti ’тс’, славен. lísiti ’пакрываць каляровымі плямамі’. Прасл. lysiti, утворанае ад прыметніка lysъ ’лысы’ (Слаўскі, 5, 413–414).
Лы́ска ’пралышанае месца на бервяне’ (Бяльк.), ’жывёла (карова, конь, сабака) з белай плямай на ілбе’ (Нас.; КЭС, лаг.; паўн.-зах., пін., КЭС), ’птушка лысуха, Fulica atra’ (светлаг., Мат. Гом.; Федз.–Доўб.). Укр. ли́ска, рус. лыска, польск. łyska, каш. lëska, liska, н.- і в.-луж. łyska, чэш., славац. lyska, славен. lȋska ’карова’, črna liska ’лысуха’, серб.-харв. ли̏ска, балг. лиска. Прасл. lysъka ’лысуха’, ’свойская жывёліна з белай плямай на ілбе’, ’месца аголенае і свяцейшае за астатняе’ (Слаўскі, 5, 419–421). Утворана ад прыметніка lysъ > лы́сы (гл.). Аналагічна і ў іншых мовах, напр., ням. Blesse ’белая пляма ў жывёл на ілбе’ ∼ Blasshuhn ’вадзяная курка’ (гл. яшчэ Скок, 2, 307; БЕР, 3, 423).