Лы́жы ’плоскія драўляныя палазы для перасоўвання па снезе, загнутыя спераду’ (ТСБМ, Маш., Бяльк.; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; Сцяшк.), рус. лы́жи, ст.-рус. лыжи (XII ст.); параўн. бел. лы́жвы (гл.). Прасл. паўн. lyži, lyžьve ’прыстасаванне для хуткага перасоўвання па снезе або лёдзе’, ’палазы’, ’прадаўгаватыя прадметы: судна, баржа і інш.’ Паводле Фасмера (2, 540), звязана з рус. лызга́ть ’слізгаць па лёдзе’, лызну́ть, лызгону́ть ’вышмыгнуць’, балг. лъзгам се ’катаюся на каньках’, а Слаўскі (5, 448) дадае і каш. łužgi, łużgawki, для якіх першаснымі лічыць łyzga, łyzgawka або łuzga, łuzgawka. Звычайна да іх прыводзяць і.-е. адпаведнікі: лат. lužas, ludes, lug̓es̓ доўгія паляўнічыя лыжы’, літ. šliū̃žes ’палазы’, šliaũžti ’паўзці’, лат. šlūžât ’слізгаць’, гал. sluiken ’красціся’. Куркіна (Этимология–72, 72), прызнаючы роднасць лексемы lyži з lyzgati, выключае супастаўленне яе з балтыйскімі лексемамі. Гл. таксама ZfSl, 8, 877. Сюды ж лы́жнік, лы́жніца, лыжня́ (ТСБМ), якія з рус. мовы (хаця параўн. яшчэ ст.-рус. лыжникъ ’воін на лыжах’; лыжница, лыжня ’след ад палазоў, лыжня’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)