Луч 1 ’лепш’ < лу́ччы ’лепшы’ (Рам. 1, Нар. Гом., ТС), лу́ччай ’лепш’ (Жд. 1, Ян.), лу́чча ’тс’ (Ян.), лу́тчай ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), луччэй ’тс’ (Растарг.), лу́ччы, луччэйшы ’лепшы’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; круп., Сл. ПЗБ), лу́чшы(й), лу́ччый ’тс’, ’правы бок матэрыі’ (шчуч., стол., даўг., Сл. ПЗБ), лу́ччай ’больш’ (Ян.). Укр. лу́чче, лу́ччий, рус. лу́чше, лу́чший, ст.-рус. лучии, ст.-слав. лоучии, лоучьши — першапачаткова азначала ’які найбольш падыходзіць’. Да лу́чыць (гл.).
Луч 2, мн. лучэ́ ’прамень’ (гарад., Сл. ПЗБ; Яруш.). Укр. луч ’тс’, рус. луч ’тс’, ’лучына’, ’паходня’, ’агонь на носе лодкі’ (арханг., пск., урал.), ’агонь на краі гумна пры малацьбе’ (цвяр.), ’агонь у жыллі’ (арханг.), ’колер’, луча́ ’лучына’ (цвяр.), ’прамень’ (вяц.); польск. łuczywo, н.-луж. łucywo, в.-луж. łučwo, łučiwo, чэш. louč, славац. lúč ’лучына’, lúče ’прамяні’, славен. lúč ’святло’, ст.-славен. ’свечка’, долен. ’лучына’, серб.-харв. лу̑ч ’лучына’, ’паходня’, ’сасна’, лу̏ча ’прамень’, макед. лач, балг. луч, луча ’тс’, ’зара’, ц.-слав. лучь ’святло, бляск’, лоуча ’прамень’. Прасл. lučь < *lou̯k‑is, luča < *lou̯ki̯a < і.-е. *leuk‑ ’свяціць’ (параўн. ст.-прус. luckis ’палена’, літ. laũkas ’жывёла — Лыска або Зорка’, ’поле’ — аналагічна славен. svet ’поле’; ст.-інд. loká‑ ’прастор, святло’, rōkás ’святло’, rōciṣ ’бляск’, авест. raōčah‑ ’святло’, ст.-грэч. λευκός ’светлы, бліскучы’, λύχνος ’зара’, лац. lūx ’святло’, lūcus ’святы гай’, lucerna ’лятарня’, ірл. lóche ’маланка’, гоц. liuhaþ ’святло’, ст.-в.-ням. lōh ’прасека’, ст.-ісл. log ’полымя, святло’ (Фасмер, 2, 537; Скок, 2, 323–324; Бязлай, 2, 154; БЕР, 3, 529–530; Шустэр–Шэўц, 11, 784–785).
Луч 3 ’пучок лучыны, вязка карчоў, якія паляць у сетцы на носе лодкі, калі колюць рыбу васцямі ноччу’ (полац., З нар. сл.), рус. арханг., пск., урал. луч ’агонь на носе лодкі’; параўн. таксама паўн. ст.-рус. лучити ’лавіць рыбу з падсвечваннем на спецыяльным прыстасаванні на носе лодкі’ (XVII ст.). Да луч 2 (гл.).