Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)