Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Замухры́шка ’неахайны, непрыглядны чалавек’, замухрысты (Колас). Рус. замухры́шка < замухры́шка < замухры́га < мухры́га ’неахайны чалавек, ашуканец’ < му́хрый ’кепскі, кволы, мізэрны’. Шанскі, 2, З, 48. Апошні прыметнік пакуль што не растлумачаны. Фасмер (3, 19) звязваў мухрыга з мухлевать, што неабгрунтавана. Ці не трэба ў элеменце мухр‑ убачыць сувязь з махор, махры (’непрычасаны’, ’у абшарпаным адзенні’), што, паводле Фасмера (2, 666), звязваецца з мох, але, можа, зазнала ўздзеянне назвы тканіны, вядомай з XVI ст., як мухояр ’тканіна з ангорскай воўны ці з яе дадаткам’, запазычанай з араб. muh̯ajjar, магчыма, у іншым фанетычным выглядзе (параўн. пазнейшыя запазычанні таго ж слова праз франц. муар і праз англ. махер)? Параўн. варонеж. замухры́житься ’растрапацца, запэцкацца’ і пск. заму́хлить ’растрапаць, узлахмаціць’.

За́мхі ’пушок, які аддзяляецца ў працэсе ткання’ (в.-дзвін., Шатал.). Відаць, да мох (гл.).

За́мша, замш ’від апрацаванай скуры’. Рус., укр. за́мша, польск. zamsz ’тс’, чэш. zámiš ’тс’, славац. zamša ’слой скуры пад верхнім слоем’. Ст.-рус. замша ’замша’ (1635 г.). Ст.-бел. замешъ, замшъ (з 1552 г.); замшовый (1540 г.) < с.-в.-ням. saemisch leder ’замшавая скура’, дзе saemisch < франц. chamois ’серна’ (?) праз польск. Фасмер, 2, 77; Шанскі, 2, З, 48. Там прыводзяцца іншыя версіі, якія прызнаюцца няўдалымі.

Замэ́дзгаць ’забрудзіць’ (ТСБМ). Рус. замы́згать, укр. чарніг. зами́згати (Грынч.) ’тс’. Прэфіксальны дзеяслоў ад мыдзгаць ’пэцкаць, пэцкацца’ (гл.) з пераменай галоснага, магчыма, у сувязі з пэ́цкаць.