Галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’ (Нас.). Гл. галадамі́рыць.
Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.
Галада́ць (БРС). Дзеяслоў, які суадносіцца з прасл. назоўнікам *goldъ ’голад’ (гл. голад). Гэты марфалагічны тып (*goldati) вядомы ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ рус. голода́ть, укр. дыял. голода́ти. У адных і тых жа слав. мовах могуць сустракацца паралельна і іншыя марфалагічныя тыпы гэтага дзеяслова. Так, вельмі пашыраны тып *goldovati *goldujǫ. Параўн. бел. галадава́ць (Нас., Касп., Шат.), укр. голодува́ти (< голодовати), рус. дыял. голодова́ть, славац. hladovať, чэш. hladověti і г. д.
Галадо́к ’расліна Scleranthus annuus L.’ (рус. дива́ла). Гл. БРС, Кіс. Паходжанне гэтага слова няяснае. Няма яго і ў суседніх мовах.
Галадо́ў ’голад, галодны час’ (Нас.): «другі год галадоў церпім». Гэтай формы няма ў іншых усх.-слав. мовах (і ў іншых слав.). Калі гэта сапраўдны назоўнік, то яго можна лічыць вельмі рэдкай дыялектнай формай, утворанай ад дзеяслова галадава́ць зваротным словаўтварэннем. Але не хапае дадатковых даных, іншага матэрыялу, таму такое тлумачэнне застаецца вельмі праблематычным.
Галадо́ўля ’голад, галадаванне’ (БРС, Касп., Шат.). Як і галадо́ўка, утварэнне ад дзеяслова галадава́ць. Суф. ‑оўля звычайна з’яўляецца пры вытворных назоўніках (для абазначэння дзеяння) ад дзеясловаў з марфемай *ov‑ (*‑ou̯‑): будава́ць — будоўля і г. д.
Галайстра́ ’галота’ (БРС). Бліжэйшыя адпаведнасці ва ўкр. мове. Параўн. укр. гала́йстра ’натоўп, гурт народу, дзяцей’, хала́йстра, хала́стра ’зброд’ (прыклады са слоўніка Жэляхоўскага), галайстра́ ’натоўп дзяцей’ (паўночнанадднястроўскае). Паколькі ва ўкр. мове гэтыя словы ў заходніх дыялектах, то можна меркаваць, што яны запазычаны з польск. мовы. Параўн. польск. chałastra, hałastra, hałajstra ’тс’. Гэта слова ёсць і ў чэш. мове (halastra, chalastra ’тс’, у ляшскіх гаворках) і ў славац. (hajstra, hajštra, hojštra ’грубая жанчына’). Лічыцца словам няяснага паходжання (Махэк₂, 157; Брукнер, 175, 676; апошні дае вельмі няпэўную этымалогію: магчыма, звязана з chátra, chasa, чэш. словамі для «зброду»). Адносна бел. слова можна толькі меркаваць, што яно, як і ўкр. слова, запазычана з польск. мовы. Падрабязны агляд этымалагічных версій гл. у Слаўскага, 1, 398.
Галакані́ць ’гаманіць’ (Сцяц. Словаўтв.). Падобныя словы ёсць, напраў рус. і ўкр. мовах. Параўн. у Даля: гала́нить, гала́чить, гала́шить ’гарланіць, крычаць, шумець і да т. п.’ (гл. і СРНГ, 6, 104–105). Параўн. далей укр. гала́кати ’крычаць’, гала́йкати (Грынч.). У аснове гэтай групы слоў ляжыць, як здаецца, гукавы комплекс гал‑, гала‑, галай‑, што азначае ’шум, шумець, крычаць і да т. п.’ Ад гэтага гал(а)‑ пры дапамозе дзеяслоўнага «узмацняльнага» суф. ‑к‑ было ўтворана гала‑к‑ (гл. укр. дзеяслоў гала́кати). Далей да гэтага апошняга тыпу ўтварэння быў даданы «ўзмацняльны» суф. ‑ан‑ (галакан‑), што і з’явілася базай дзеяслова галакані́ць. Параўн. яшчэ штурхаць — штурхнуць — штурхан (гл. пад гакан) і гакан ’моцны штуршок’ (там жа). «Узмоцненымі» («падоўжанымі») формамі лічыў другія словы ў парах тыпу hákaty — hałakaty, hajkaty — halájkaty ва ўкр. мове Смаль–Стоцкі (гл. Slavia, 5, 6–7). Аб дэрывацыі ад выклічніка hala‑ гл. таксама ў Слаўскага, 1, 397.