Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)