Будава́ць (з XV ст., Булыка, Запазыч; БРС, Інстр. III, Гарэц., Бяльк., Інстр. I), будова́ты (Бесар., Булг.). Укр. будува́ти, рус. (ст., XVII ст.) будова́ть. Запазычанне з польск. budować (якое з с.-в.-ням. būden, гл. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (= Studia, 181–183); Слаўскі, 1, 48; Фасмер, 1, 230; Агіенка, РФВ, 66, 361; Рыхардт, Poln., 37; Шалудзька, Нім., 23. Але Рудніцкі (1, 238) лічыць дзеяслоў будава́ць (укр. будува́ти) вытворным ад бу́да́. Неверагодна Махэк₂, 61–62: budovati — гэта зах.-слав. скарачэнне старога дзеяслова тыпу *oborudovati (рус. обору́довать). Простыя фармальна будо́ва (БРС, Касп.; здавалася б, ад будава́ць), укр. будо́ва, польск. budowa не маюць, аднак, словаўтваральнай матывацыі (бо тып будо́ва < будава́ць не існуе ў слав. мовах). Як думае Лер-Сплавінскі, Studia, 184–185, зыходным быў (польскі) тып dobudówka, przybudówka, адкуль другаснае dobudowa… і, нарэшце, budowa. Таму будо́ва, мабыць, таксама з польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)