Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віск ’пранізлівы крык’ (БРС, КТС, Гарэц., Нас.), укр. виск, ст.-рус. вискъ (з XVII ст.), польск. wisk ’віск’; ’піск’; ’крык’, серб.-харв. ви̏ска ’крык, віск’; ’конскае іржанне’, макед. виск ’іржанне’; ’віск’, балг. виск ’іржанне’, ст.-слав. вискъ. Прасл. viskъ — гукапераймальнае ад vi‑ і суф. sk‑ъ. Праабражэнскі (1, 83) параўноўвае з н.-в.-ням. wiehern ’іржаць’, якое з’яўляецца ўзмацняльнай формай ад с.-в.-ням. wihen, ст.-в.-ням. wihôn (Клюге, 689). Гл. таксама визг (Фасмер, 1, 313; Шанскі, 1, В, 94).

Ві́скат ’віск’ (БРС, КТС), рус. арханг. визготок ’віск’. Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑ат (< прасл. ‑otъ < *‑oto‑), які служыў для абазначэння гукавога дзеяння або слыхавых уражанняў (Вступ., 151).

Віскатаць ’вішчаць’ (КТС) — адыменны дзеяслоў. Да віскат (гл.). Сюды ж віскатанне (КТС).

Віскатлі́вы (БРС, КТС). Утворана ад ві́скат (гл.) і суф. ‑лів‑ы.

Віскатня́ ’віск парасят’; ’дзіцячы плач’ (Нас.). Утворана ад шматкратнага дзеяслова віскаць (гл.) і суф. ‑атн‑я.

Віскаць ’пранізліва вішчаць’ (КТС). Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑аць.

Віскі́ ’скроні’ (капыл., КЭС, Жд., 3), укр. висок, мн. л. виски́, рус. виски ’тс’, наўг., ярасл. ’старое адзенне’; ’валасы на галаве’, арл. ’валасы на скронях’, бранск. ’валасы на целе чалавека’, пенз. ’жаночы галаўны ўбор’, ст.-рус. високъ ’падвеска — частка конскай збруі (убору)’ (з XVII ст.). Усходнеславянскае високъ. Узыходзіць да visъ, visěti (Гл. таксама віс3). Бел. лексема, такім чынам, спачатку абазначала ’тое, што вісіць’ — ’валасы (якія вісяць)’ — ’вісячыя валасы на скронях’, потым — ’скроні’ (Фасмер, 1, 320; Шанскі, 1, В, 106).

Ві́скі ’моцная гарэлка (Англія, ЗША)’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. виски ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) < англ. whisky, whiskey, якое з whisquy‑beath < гэльск. uisge‑beatha ’вада жыцця’, што з’яўляецца калькай з франц. eau de vie < с.-лац. aqua vitae ’вада жыцця’; параўн. рус. водка < вода (Шанскі, 1, В, 105).

Вісклівы ’віскатлівы’ (БРС, КТС). Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑лів‑ы.

Вісклявы ’віскатлівы’ (відавочна, гом., КТС: І. Шамякін, М. Ракітны, І. Навуменка). Утворана ад віск (гл.) і суф. ‑ляв‑ы (як пісклявы).

Віскоза ’клейкае цэлюлознае рэчыва, з якога вырабляецца штучны шоўк’ (БРС, КТС). Паходзіць, паводле Крукоўскага, Уплыў, 83, з рус. вискоза, якое запазычана з зах.-еўр. моў і суадносіцца з познелац. viscosus ’ліпкі’ < лац. viscum ’клей’ (Шанскі, 1, В, 105).