Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вусёнак ’частка жака; рукаў, па якому рыба заходзіць у жак ці нерат’ (Касп.). Ад ву́сце ’горла ў жаку ці нераце’; параўн. смал. вустёнок ’уваход для рыбы ў вяршу, мярэжу’ (Мат., смал.).

Ву́скарка ’скварка’ (Мат. Гом.), ву́скорка ’тс’ (КСТ), ву́скварок ’тс’ (КСТ). Гл. вы́скаркі, вы́скваркі, в у корані страчана ў формах з оканнем у выніку зліцця спецыфічнага для поўдня Беларусі в (часта ўспрымаецца як ў, Бузук, Спроба, 56) і моцна лабіялізаванага о.

Ву́скідзь ’вывернутае дрэва’ (Байк. і Некр., Куч.). Параўноўваецца з назвай населенага пункта на тэрыторыі в.-луж. гаворак Wuskidź у якасці спецыфічнай беларуска-лужыцкай ізалексы (Трубачоў, Слав. языкозн., 5, 189). Фанетыка бел. і в.-луж. слоў сведчыць, аднак, пра другасны характар гэтых форм, узнікшых у выніку лабіялізацыі, паколькі формы з вы‑ вядомы на больш шырокай тэрыторыі (рус. выскидь, чэш. výskyď і г. д.). Гл. выскадзь, выскідзь ’тс’.

Ву́скороцень ’дэталь у санях’; ’полаз’ (КСТ). Гл. вы́скарацень.

Ву́скрэбок ’маленькая булка хлеба з рэшты цеста’ (КСТ, Куч.); ’апошняе дзіця ў сям’і’ (КСТ). Гл. вы́скрабак ’тс’; да фанетыкі параўн. вузверыцца.

Ву́смерць прысл. ’да смерці’ («Полымя», 1970, № 2, 118). Няясна, магчыма, прыназоўнікавае ўтварэнне — у + смерць, як на + смерць з нехарактэрнай для бел. мовы перацяжкай націску; параўн. рус. на́смерть. Апошняе дазваляе меркаваць аб магчымым запазычанні слова з рус. мовы, відаць, вусным шляхам, дзе яно магло паходзіць са спалучэння в + смерть (дакладней — во́ смерть).

Ву́сны (БРС, Байк. і Некр.), ’губы’ (Касп.), вусніна ’губа’ (Касп.), рус. маск. усти́на ’тс’, славен. ustna, ustnica ’губа’, ustni ’губы’, серб.-харв. у̏сна ’губа’, у̏сни мн. л., макед. усна ’губа’, усни мн. л., балг. у́стна ’губа’, мн. л. у́стни. Прасл. *ustьna ’губа’, вытворнае ад *usta (Махэк₂, 671) хутчэй за ўсё ў выніку семантычнага згортвання словазлучэння *ustьna gǫba > ustьna. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн. 5, 177, дзе звяртаецца ўвага на беларуска-паўднёваславянскі характар слова. Гл. вуста.

Вусо́зны ’высачэзны’ (КСТ). Гл. высо́зны.

Вусота́льны ’надта высокі’ (КСТ). Да высата́ ’вышыня’ з заменай ы > у пасля губных.

Вуста ’вусны’ (Бяс., 775), укр. вуста́, рус. уста́, польск. usta, чэш. ústa, славац. ústa, в.-луж. wusta, н.-луж. husta, славен. ústa, серб.-харв. у́ста, макед. уста, балг. уста́. Прасл. *usta, роднаснае ст.-прус. austo ’рот’, літ. áuščioti ’балбатаць, шаптаць’, ст.-інд. вед. ṓsthaḥ ’губа’, авест. aošta‑ ’губа’, лац. ausculum ’роцік’ і інш. Параўн. таксама літ. uostà ’вусце, гавань’ (Младэнаў, 656; Фасмер, 4, 172, з літ-рай; Махэк₂, 671; Брукнер, 596).