Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Банды́т. Рус. банди́т, укр. банди́т. Паводле Фасмера, 1, 120, запазычанне з ням. Bandit або прама з італ. bandito ’бандыт’ (спачатку ’выгнаны’ ад дзеяслова bandire выганяць’). Шанскі (1, Б, 32) лічыць’ што запазычанне адбылося праз польск. мову. Гл. яшчэ MESz, 1, 237–238. Рудніцкі (71) і БЕР (1, 31) памылкова лічаць банди́т вытворным ад ба́нда. Форма бандзіт ’тс’ (Бяльк., Шат., Касп.), мабыць, адлюстроўвае рус. уплыў.

Ба́ндыш ’калун, сякера’ (лельч., Арх. ГУ). Відавочна, з *бындаш, *біндаш, а гэта нейкая дыял. форма да біндас ’сякера’ (гл.; < ням. Bindaxt). Канчатковае ‑аш, ‑ыш у гэтым слове можа адлюстроўваць ням. дыял. формы (аб ням. дыял. формах для ’сякеры’ параўн. Непакупны, Мовознавство, 1970, 6, 38).

Бандэро́ль. Рус. бандеро́ль (з XVIII ст.), укр. бандеро́ль. Запазычанне (бел. і ўкр. праз рус. мову) з франц. banderole ’вымпел, перавязь’ (< італ.). Шанскі, 1, Б, 32. Бел. слова запазычана з рус. яшчэ ў дакастрычніцкі перыяд (гл. Крамко, Гіст. мовы, II, 144–145, там і абгрунтаванне).

Банк, дыял. ба́нак (Гарэц., Др.-Падб., Шат.). Рус. банк (з XVIII ст.), укр. банк і г. д. Запазычанне праз ням. Bank (або франц. banque) з італ. banco (якое спачатку мела значэнне ’стол мянялы’; < ням.; аб гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 239). Фасмер, 1, 120; Шанскі, 1, Б, 33.

Ба́нка ’пасудзіна’. Гл. ба́нька2.

Банка́рт ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Шат., Касп., БРС, Інстр. I, Шн., 3), бэнка́рт ’тс’ (Нас.). Ст.-бел. бенкарт, букарт (Гіст. лекс., 114; Булыка, Запазыч.). Укр. бе́н(ь)карт ’тс’ (з XVI). Запазычанне з польск. bękart ’тс’ (Рыхардт, Poln., 34; Кюнэ, Poln., 44), дзе з ням. Bank(h)art, Bankert (ад Bank ’лаўка’). Гл. яшчэ Шалудзька, Нім., 21; Брукнер, 23–24; Корбут, PF, 4, 402, 512; Варш. сл., 1, 141; Махэк₁, 352; Рудніцкі, 104.

Банке́т. Ст.-бел. банкет, з канца XVI — пачатку XVII ст. (Булыка, Запазыч.). Рус. банке́т, укр. банке́т (ужо з XVI ст.). Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Параўн. ням. Bankett (< італ. banchetto), франц. banquet (да гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 240; Фасмер, 1, 121). Улічваючы націск у слове, Фасмер адхіляе пасрэдніцтва польскай мовы, але націск ні аб чым у дадзеным выпадку не сведчыць. Няясная фанетычна бел. дыял. форма банкот (Булг.).

Банкоцэтлі ’папяровыя грошы’ (Бесар.). З польск. bankocetel ’тс’ (а гэта з устарэлага ням. Bancozettel ’банкавае пасведчанне, чэк’, гл. Варш. сл., 1, 95).

Банкрат ’дамкрат’ (Бір. Дзярж.). Дыялектная трансфармацыя слова дамкра́т (гл.), мабыць, пад уплывам банка́рт ’байструк’. Жартаўлівае ўтварэнне?

Банкру́т. Рус. банкро́т (з XVIII ст.), банкру́т (з часоў Пятра I), укр. банкро́т, банкру́т. Банкру́т (больш даўняя форма) — запазычанне з франц. banqueroute або гал. bankroet. Больш новае банкро́т узята з ням. Bankrott. Першакрыніцай усіх гэтых слоў з’яўляецца італ. bancarotta ’зламаная лаўка’. Гл. Смірноў, Западн., 55; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 35. Аб гісторыі слова гл. Клюге, 49.